Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Вялікая хартыя правоў хрысціян: патрабаванне вернікаў Індыі

Хрысціяне Індыі прагнуць будучыні, заснаванай на павазе да правоў і на роўных магчымасцях – будучыні, у якой можна ўносіць свой уклад у гарманічнае развіццё краіны, у братэрства і мір.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У адказ на гвалт і дыскрымінацыю, з якімі сутыкаюцца хрысціяне, “ёсць патрэба ў новай Вялікай хартыі правоў хрысціянскіх супольнасцяў”, - заўважыў у інтэрв’ю “L’Osservatore Romano” Джон Даял, журналіст і пісьменнік, прадстаўнік найстарэйшай і найбольш аўтарытэтнай арганізацыі каталіцкіх свецкіх вернікаў – “All India Catholic Union” (AICU), якая ўжо 106 гадоў з’яўляецца голасам індыйскіх хрысціян і мае сваіх прадстаўнікоў у 120 дыяцэзіях краіны.

Час рэалізаваць Вялікую хартыю правоў хрысціян

Каталіцкі грамадскі дзеяч нагадаў, што прапанова стварэння новай Вялікай хартыі правоў хрысціянскіх супольнасцяў ужо абмяркоўвалася ў мінулым хрысціянскімі Цэрквамі розных канфесій. “Цяпер надышоў час яе рэалізаваць, аб’яднацца і ўзяць на сябе абавязак будаваць Індыю, у якой будзе паважацца разнастайнасць, абараняцца правы кожнага грамадзяніна, лячыцца хваробы, такія як нянавісць і дыскрымінацыя”, - сцвердзіў ён.

Рост гвалту і дыскрымінацыі

Джон Даял заўважыў, што 2025 год быў адзначаны “высокім узроўнем гвалту і запалохвання”. Вернікі, асабліва ў такіх штатах, як Утар-Прадэш, Чхатысгарх, Мадх’я-Прадэш і Арыса, перажылі напады, якія ўзмацніліся ў перыяд Божага Нараджэння і з трывогай асвятляліся таксама ў нерэлігійных СМІ. Гаворка ідзе пра акты насілля, перашкоды ў правядзенні набажэнстваў, вандалізм, ілжывыя абвінавачванні ў празелітызме.

Мэтанакіраваная прапаганда

Па словах каталіцкага актывіста, да такіх дзеянняў падбухторваюць некаторыя палітыкі і індуісцкія экстрэмісцкія групы. Атмасферы нянавісці таксама садзейнічае прапаганда, якая кляйміць хрысціян як “чужых Індыі”, і апраўданне гвалту законамі супраць рэлігійнага празелітызму і прымусовага навяртання, якія дзейнічаюць у дванаццаці штатах.

Па словах індыйскіх праваабаронцаў, у 2025 годзе рост выпадкаў ужывання “мовы нянавісці” ў адносінах да мусульман і хрысціян Індыі ў публічных выступленнях і сацыяльных сетках вырас больш чым на сорак працэнтаў у параўнанні з 2024 годам.

Хрысціяне патрабуюць павагі да канстытуцыйных правоў

У гэтым кантэксце хрысціяне, якія складаюць 2,3 працэнта насельніцтва з больш як мільярда жыхароў Індыі, працягваюць патрабаваць абароны сваіх канстытуцыйных правоў і роўнасці перад законам. “All India Catholic Union” прапануе распрацаваць і прадставіць ураду Індыі канвенцыю, якая датычыла б усіх хрысціян краіны і ўключала б “праграмы па асвеце грамадзян адносна правоў”, прадугледжаных артыкуламі Канстытуцыі, што рэгулююць жыццё і асноўныя свабоды рэлігійных супольнасцяў.

Планы на бліжэйшы час

Джон Даял лічыць, што ў святле выбараў, якія адбудуцца ў розных штатах і гарадах Індыі ў 2026 годзе, “неабходна ўвесці меры, каб прадухіліць маніпуляванне выбарчымі спісамі на шкоду рэлігійным меншасцям”. Не менш важна, на яго думку, гарантаваць, каб перапіс насельніцтва, запланаваны ўрадам на 2026-2027 гады, “не абвастрыў падзелы на каставай, этнічнай, рэлігійнай або культурнай глебе”.
 

15 студзеня 2026, 10:51