Кардынал Луіс Антоніа Тагле Кардынал Луіс Антоніа Тагле 

Католікі Ганконга адзначылі 80-годдзе дыяцэзіі

У Ганконгу адбылася малітоўная сустрэча, падчас якой маліліся на кантонскай, філіпінскай, французскай, мандарынскай, карэйскай і в’етнамскай мовах. Форум быў прысвечаны 80-годдзю Ганконгскай дыяцэзіі.

Ян Глінскі

Сярод больш чым 7 мільёнаў 400 тысяч мясцовых жыхароў католікі складаюць больш за 400 тысяч. Большасць з іх – філіпінцы.

Прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі кардынал Луіс Антоніа Тагле, які 18 студзеня 2026 года ўзначаліў гэтую сустрэчу, заклікаў вернікаў Ганконга быць “смелымі сведкамі Пана” і несці грамадству надзею.

Паводле інфармацыйнага агенцтва Fides, прапрэфект падзяліўся сваімі разважаннямі на тэму хрысціянскага благаслаўлення. Іерарх спаслаўся на радкі са Святога Пісання: “Няхай благаслаўляе цябе Пан і аберагае цябе! Няхай Пан распраменіць сваё аблічча над табою і адорыць цябе ласкай. Няхай Пан скіруе на цябе свой погляд і адорыць цябе мірам” (Ліч 6, 22-26).

“Благаслаўленне, якое Бог удзяляе нам і Ганконгу, – падкрэсліў кардынал Тагле, – гэта Яго святое аблічча ў Езусе Хрысце”. Гэтае аблічча, як дадаў іерарх, можна сустрэць у дзецях і моладзі, якія “заўсёды з’яўляюцца благаслаўленнем для грамадства”, а “не праблемай”.

У юбілей, які адзначала мясцовая дыяцэзія, прапрэфект ватыканскай дыкастэрыі пажадаў, каб “аблічча Езуса заўсёды ўсміхалася Ганконгу”, а Ганконг “цешыўся абліччу Езуса”.

На заканчэнне ўрачыстасці кардынал Луіс Антоніа Тагле і ардынарый Ганконга кардынал Сцівен Чоў Саў-ян удзялілі благаслаўленне гораду і ўдзельнікам сустрэчы.

30 студзеня 2026, 10:06