Пошук

Кардынал Райнэр Марыя Вёлькі Кардынал Райнэр Марыя Вёлькі   (ANSA)

Адказнасць біскупа і межы сінадальнасці: думка кардынала Вёлькі

Кардынал Райнэр Марыя Вёлькі раскрытыкаваў ход ініцыятывы “Сінадальны шлях” у Германіі і патлумачыў сваю адсутнасць на шостай сесіі ў Штутгарце неабходнасцю захавання вернасці прыродзе біскупскага служэння.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Кёльнскі лічыць, што праект, які цягнецца з 2019 года, патрабуе неадкладнага тэалагічнага ўдакладнення. У інтэрв’ю парталу “domradio.de” іерарх падкрэсліў, што першапачаткова было ўзгоднена пяць пасяджэнняў, у якіх ён браў удзел, таму зараз гэты этап для яго выглядае завершаным.

Біскупская ўлада паходзіць ад Хрыста, а не ад калектыўнага рашэння

Кардынал Вёлькі заўважыў, што хоць усе ўдзельнікі дыскусій, верагодна, жадаюць дабра для Касцёла, бачанне гэтага шляху прынцыпова рознае. На яго думку, немагчыма абмяркоўваць усё з адкрытым вынікам, бо існуюць рэчы, якія не падлягаюць галасаванню.

У якасці прыкладу ён прывёў немагчымасць выносіць на плебісцыт факт Уваскрасення Хрыста. Іерарх адзначыў, што на пэўным этапе “Сінадальны шлях” у Германіі ператварыўся ў інструмент рэалізацыі канкрэтных касцельна-палітычных пазіцый.

Спасылаючыся на вучэнне Льва XIV і яго папярэдніка Францішка, кардынал нагадаў, што сапраўдная сінадальнасць – гэта заўсёды духоўная падзея і сродак для евангелізацыі. Без абвяшчэння Евангелля яна губляе свой сэнс.

Ён таксама падкрэсліў, што сінадальны сход не мае паўнамоцтваў ацэньваць, як той ці іншы дыяцэзіяльны біскуп увасабляе прынятыя рашэнні ў сваёй дыяцэзіі.

Сінадальнасць – гэта супольнае распазнанне голасу Духа Святога, а не палітыка

Паводле кардынала Вёлькі, у Каталіцкім Касцёле канчатковае рашэнне павінен прымаць той, хто атрымаў адпаведную пасаду і пасвячэнне. Біскуп валодае ўладай у сваёй дыяцэзіі, даручанай яму самім Хрыстом, і нясе адказнасць за абарону веры і еднасць з Папам. Менавіта таму яму цяжка прыняць мадэль органа, дзе біскупы і свецкія супольна прымаюць абавязковыя рашэнні праз галасаванне.

Закранаючы тэму напружанасці ў Канферэнцыі Біскупаў Германіі, кардынал назваў палярызацыю “прыгнятальнай”. Ён заклікаў заставацца ў дыялогу, заснаваным на супольным фундаменце: веры і вучэнні Касцёла, еднасці з Пантыфікам і эклезіялогіі Другога Ватыканскага Сабора.
 

27 студзеня 2026, 10:20