Кардынал Каміла Руіні падчас аўдыенцыі ў Яна Паўла ІІ Кардынал Каміла Руіні падчас аўдыенцыі ў Яна Паўла ІІ 

Кардынал Руіні: Леў XIV і Ян Павел II сустрэлі падобныя выклікі

Кардынал Каміла Руіні параўнаў пачатак пантыфікату Льва XIV з часам Яна Паўла II, заклікаўшы Касцёл да адвагі перад тварам секулярызацыі і крызісу веры ў сучасным свеце.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Былы старшыня Канферэнцыі Біскупаў Італіі і папскі вікарый-эмерыт Рымскай дыяцэзіі падзяліўся думкамі ў інтэрв’ю італьянскаму выданню “Il Giornale”.

У свае дзевяноста чатыры гады іерарх, які з’яўляецца сведкам ужо дзявятага пантыфікату, заўважыў глыбокае падабенства паміж цяперашнім і мінулым гістарычнымі перыядамі. Паводле яго слоў, і Льву XIV, і Яну Паўлу II прыйшлося сутыкнуцца з напружанасцю і супярэчнасцямі, якія непасрэдна пагражалі адзінству Касцёла.

Евангелізацыя застаецца галоўным прыярытэтам сучаснасці

Кардынал Руіні перакананы, што найбольш актуальным пытаннем сённяшняга дня з’яўляецца місія абвяшчэння Евангелля. Ён са смуткам канстатуе, што ў сучасным грамадстве пад пагрозу пастаўлены самі асновы хрысціянскага спазнання: ад веры ў існаванне Бога да прызнання боскасці Езуса Хрыста, нашага адзінага Збаўцы.

У размове з журналістамі іерарх даў важную параду італьянскім пастырам. Ён заклікаў біскупаў не пазбягаць вострых тэм і займаць цвёрдую пазіцыю ў “галоўных пытаннях сацыяльнай этыкі”, такіх як эўтаназія. На думку кардынала, лепш сутыкнуцца з хваляй крытыкі, чым заставацца ў баку і не выказваць выразнае меркаванне Касцёла.

“Італьянскае выключэнне” пад ціскам еўрапейскіх стандартаў

Асобную ўвагу кардынал удзяліў палітычнаму і культурнаму кантэксту. Ён пахваліў прэм’ер-міністра Італіі Джорджыю Мелоні за адвагу і здольнасць бачыць перспектыву, звяртаючыся да канцэпцыі “італьянскага выключэння”. Гэты тэрмін апісвае Італію як мадэльную краіну, якая доўгі час была здольная захоўваць каталіцкую культуру насуперак глабальнай секулярызацыі.

Аднак кардынал Руіні прызнаў, што сёння захаваць гэтую ўнікальнасць у поўнай меры амаль немагчыма. Ціск з мэтай прывесці італьянскае заканадаўства ў адпаведнасць з агульнаеўрапейскімі стандартамі сацыяльнай этыкі стаў занадта моцным. Іерарх нагадаў, што гэтая тэма была вельмі блізкай Яну Паўлу II і Бэнэдыкту XVI, якія бачылі ў Італіі духоўную апору Еўропы.
 

27 студзеня 2026, 09:06