Кардынал Рэдкліф: Касцёлу патрэбны дыялог культур, а не бітвы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сапраўдныя лініі падзелу ў каталіцкім свеце праходзяць не паміж “прагрэсістамі” і “традыцыяналістамі”, а паміж рознымі культурнымі асяроддзямі. Такое меркаванне выказаў брытанскі кардынал Цімаці Рэдкліф у праграме “Prisma” на канале “ORF”.
Паводле яго слоў, ключавое пытанне сучаснасці заключаецца ў тым, як мы дзейнічаем на міжкультурным узроўні і наколькі здольныя чуць адно аднаго.
Час малых крокаў і кансэнсусу
Дамініканін заклікаў заходні свет навучыцца прымаць меркаванні з іншых частак планеты. Гэта датычыцца і складаных дыскусій, такіх як пасвячэнне жанчын.
Кардынал Рэдкліф астудзіў надзеі на хуткія рашэнні, адзначыўшы, што па-за межамі Еўропы і Лацінскай Амерыкі пакуль магчымыя толькі невялікія крокі. Паколькі святары пасвячаюцца для ўсяго Касцёла, неабходны ўсеагульны кансэнсус, да якога застаецца “яшчэ доўгі шлях”.
Пры гэтым манах згадаў магчымасць жаночага дыяканату, спасылаючыся на гістарычныя формы служэння дыяканіс. На яго думку, такое рашэнне не стала б радыкальнай зменай для касцельнай структуры.
Гаворачы пра стаўленне Касцёла да гомасексуальных саюзаў, кардынал дыстанцыяваўся ад вобраза “байца за правы”. Ён падкрэсліў, што яго мэта – не палітычная барацьба, а евангельская гасціннасць: прымаць людзей з адкрытымі абдымкамі, даючы ім адчуць, што ім тут рады.
Папа Леў XIV як чалавек сустрэчы
Асаблівую ўвагу ў інтэрв'ю кардынал удзяліў абранню Папы Льва XIV на канклаве 2025 года. Ён апісаў Пантыфіка як асобу, здольную аб'яднаць розныя чаканні Калегіі кардыналаў – і тых, хто жадае працягу рэформ Францішка, і тых, хто хоча вярнуць вернікаў, якія адчулі сябе адчужанымі.
Леў XIV быў абраны менавіта за сваю здольнасць слухаць і вырашаць канфлікты, пачынаючы размову з пытання: “Пра што ты хочаш пагаварыць?”.
Для брытанскага тэолага манаская ідэнтычнасць застаецца вызначальнай. Яшчэ ў 2024 годзе Папа Францішак дазволіў яму не апранаць традыцыйную пурпурную сутану, таму нават у якасці кардынала ён носіць белы дамініканскі хабіт, у якім, па яго словах, адчувае сябе “больш сабой”. Гэтая ўнутраная свабода праявілася і на мінулым канклаве: кардынал Рэдкліф быў там адзіным удзельнікам без біскупскай сакры.