Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Паралін: сведчанне хрысціян патрабуе евангельскай адвагі

“Не малая колькасць хрысціянскай супольнасці аслабляе яе сведчанне, а страта евангельскай адвагі. Касцёл слабее, калі перастае быць соллю, што надае смак, святлом, што асвятляе, і закваскай, якая перамяняе”, - сцвердзіў кардынал П’етра Паралін.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Кардынал-дзяржсакратар здзейсніў візіт у Брусэль у якасці спецыяльнага пасланніка Папы на святкаванне 800-годдзя мясцовага катэдральнага касцёла святых Міхала і Гудулы. 11 студзеня 2026 года ватыканскі іерарх узначаліў урачыстую святую Імшу ў гэтым велічным храме, у якой брала ўдзел таксама бельгійская каралеўская пара.

Хрысціянскія каштоўнасці для ўмацавання Еўропы

Найбліжэйшы супрацоўнік Святога Айца звярнуў увагу на асаблівую ролю Бруселя ў Еўропе. Ён заўважыў, што гэты горад, пазначаны традыцыяй дыялогу і пасрэдніцтва, нагадвае, што Еўропа нарадзілася з сустрэчы і здольнасці да прымірэння адрозненняў.

“Еўропа сёння перажывае перыяд уразлівасці, падзелаў і расколаў, якія маюць не толькі палітычны ці сацыяльны характар, але і глыбока культурны. Гэта цяжкасці, што падрываюць яе падмуркі. У гэтым кантэксце хрысціянства не прапануе тэхнічных рашэнняў, але прапануе каштоўнасці – асноватворныя чалавечыя каштоўнасці: яно нагадвае, што годнасць асобы важнейшая за любыя разлікі, што справядлівасць узрастае праз уключэнне, а не адчужэнне, і што мір нараджаецца з прызнання іншага чалавека, а не з раўнавагі страху”, - заявіў папскі легат.

Адчыніць дзверы Хрысту

Кардынал Паралін звярнуў увагу на актуальнасць слоў, сказаных святым Янам Паўлам II у Сант’яга-дэ-Кампастэла 9 лістапада 1982 года: “Калі Еўропа зноў адчыніць свае дзверы Хрысту і не будзе баяцца адкрыць Яго збаўчай моцы межы дзяржаў, эканамічных і палітычных сістэм, шырокія сферы культуры, цывілізацыі і развіцця, яе будучыня не будзе кіравацца няпэўнасцю і страхам, але адкрыецца на новы этап жыцця – як унутранага, так і знешняга, этап дабратворны і вырашальны для ўсяго свету, якому пастаянна пагражаюць хмары вайны і магчымасць ядзернай катастрофы”.

Спадчына заснавальнікаў аб’яднанай Еўропы

Дзяржсакратар адзначыў, што гэта бачанне ўвасобілася ў канкрэтнай гісторыі Еўропы дзякуючы такім постацям, як Роберт Шуман, Конрад Адэнаўэр і Альчыдэ дэ Гаспэры, якія змаглі ўявіць кантынент не як просты саюз інтарэсаў, а як супольнасць, заснаваную на прымірэнні, першынстве чалавечай асобы і агульнага дабра. “Яны зразумелі, што пасля гістарычных падзелаў неабходная адбудова не толькі структур, але і ўзаемнага даверу”, - падкрэсліў ватыканскі іерарх.

Выклік для Касцёла

Кардынал Паралін заўважыў, што менавіта ў гэтым кантэксце паўстае адзін з найважнейшых выклікаў для Касцёла, які датычыць не столькі таго, што ён з’яўляецца колькаснай меншасцю – што часта суправаджае хрысціянскую гісторыю – колькі пагрозы стаць неістотным.

“Не малая колькасць хрысціянскай супольнасці аслабляе яе сведчанне, а страта евангельскай адвагі. Касцёл слабее, калі перастае быць соллю, што надае смак, святлом, што асвятляе, і закваскай, якая перамяняе”, - сцвердзіў ён.

Дзяржсакратар нагадаў, што Касцёл не ставіць сябе над гісторыяй і не зліваецца з ёй, а пілігрымуе праз яе як прысутнасць, якая суправаджае, распазнае і служыць. “Хрысціянская традыцыя выказала гэта праз простыя, але моцныя вобразы: Касцёл – дом, бо ў ім жыве Бог; цела, бо Хрыстус працягвае ў ім жыць і дзейнічаць; народ, бо ніхто не здзейсняе падарожжа веры ў адзіночку”, - сказаў папскі легат.

Прысутнасць хрысціян у гісторыі

“Як сведчаць Дзеі Апосталаў, Хрыстус праходзіў, робячы дабро і аздараўляючы ўсіх без выключэння. Такой з’яўляецца форма прысутнасці хрысціян у гісторыі. У хросце мы былі занураныя ў Хрыста і ўключаныя ў рэчаіснасць, большую за нас саміх. Гэта не мы будуем Касцёл – мы камяні, якімі карыстаецца Пан. Касцёл узрастае, калі адрозненні становяцца багаццем, а любоў і сувязі, што іх яднаюць, - цэментам”, - сцвердзіў іерарх.

Пакліканне брусельскай катэдры

Дзяржсакратар заахвоціў да малітвы за Касцёл, за Брусель, Бельгію, Еўропу і за супольнасць народаў. “Папросім, каб гэта месца і надалей заставалася адкрытым домам і прасторай камуніі, дзе Евангелле фарміруе сумленні, здольныя да справядлівасці, адказнасці і надзеі”, - сказаў напрыканцы сваёй гаміліі набліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.
 

12 студзеня 2026, 11:19