Пошук

Падчас візіту кардынала Фернанда Філоні ў Іерусалім. Май 2022 года Падчас візіту кардынала Фернанда Філоні ў Іерусалім. Май 2022 года  

Кардынал Філоні: ватыканская дыпламатыя спрыяе міру праз дыялог

Ватыканская дыпламатыя, якая дзейнічае праз дыялог, слуханне і цярплівае выбудоўванне адносін, застаецца адной з найбольш паслядоўных формаў служэння міру ў свеце, разарваным канфліктамі і недаверам. Пра яе прынцыпы, місію і выклікі распавёў кардынал Фернанда Філоні.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Вялікі магістр Рыцарскага Ордэна Святога Гроба ў Іерусаліме на працягу трох дзесяцігоддзяў знаходзіўся на дыпламатычнай службе Святога Пасада, прадстаўляючы Папаў у Шры-Ланцы, Іране, Бразіліі, Ганконгу, Іарданіі і Іраку.

Вывучэнне мясцовай рэальнасці

Асноўным арыенцірам для ватыканскага дыпламата, на яго думку, з’яўляюцца каштоўнасці Евангелля, якія, аднак, ніколі не існуюць у вакууме. “Побач з духоўнымі каштоўнасцямі ёсць і каштоўнасці канкрэтнай рэальнасці, у якую цябе пасылаюць”, - адзначыў іерарх, нагадваючы, што нунцый не выбірае сабе краіну служэння: яго накіроўваюць, і менавіта таму першым крокам для яго становіцца глыбокае вывучэнне гісторыі краіны і мясцовага Касцёла.

Шукаць шляхі прымірэння

Кардынал Філоні падкрэсліў, што задача ватыканскай дыпламатыі – аднаўляць “аўтэнтычныя сувязі” і шукаць шляхі прымірэння там, дзе ўзводзяцца муры і нарастае недавер, пра што нядаўна казаў Леў XIV.

Сувязное звяно паміж Папам і мясцовым Касцёлам

Іерарх заўважыў, што дыпламаты Святога Пасаду накіроўваюцца ў мясцовыя Касцёлы не для таго, каб замяніць біскупаў, але каб быць сувязным звяном паміж імі і Папам. Падтрымка пастыраў, супраца з касцёльнымі інстытуцыямі, шырокія кансультацыі – усё гэта і ёсць “найлепшая форма сінадальнасці”. Без яе Касцёл рызыкуе страціць уласную ідэнтычнасць, перакананы кардынал Філоні.

Пастыр, які не кідае статак

Асобнай старонкай у біяграфіі іерарха застаецца яго рашэнне не пакідаць Багдад падчас другой вайны ў Персідскім заліве, калі большасць дыпламатаў эвакуяваліся. Пасля кансультацый з халдзейскім Патрыярхам і біскупамі было прынята рашэнне застацца разам з мясцовай хрысціянскай супольнасцю – малалікай і ўразлівай. “Мы пастыры. Страх, які адчувае народ – гэта і наш страх. Але і надзею, якую маем, мы павінны падзяляць з імі”, - падкрэсліў ватыканскі дыпламат.

Заклапочанасць сітуацыяй на Блізкім Усходзе

Сёння, аглядаючыся на сітуацыю ў рэгіёне, кардынал Філоні з болем звярнуў увагу на драматычнае змяншэнне колькасці хрысціян на Блізкім Усходзе. “На працягу ста гадоў мы назіраем пастаянны спад, і гэта павінна хваляваць усіх”, - сказаў, падкрэсліўшы, што любоў да Святой Зямлі немагчыма аддзяліць ад любові да ўсяго Блізкага Усходу – калыскі жыцця Касцёла.
 

24 студзеня 2026, 14:37