Пошук

Кардынал Чарльз Маўнг Бо Кардынал Чарльз Маўнг Бо 

Кардынал Бо аднавіў заклік да міру ў шматпакутнай М’янме

Пакуль у свеце пануе страх, колькасць зброі будзе расці, - папярэдзіў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў М’янмы. Ён асудзіў гонку ўзбраенняў, выдаткі на якія ў 2024 годзе склалі 2,718 трыльёна долараў ЗША.

Vatican News

У сваім пасланні з нагоды Божага Нараджэння кардынал Чарльз Маўнг Бо выступіў з рашучым заклікам да міру і раззбраення.
“Хоць вайна, тэрарызм і няроўнасць падрываюць надзею, мір застаецца бясспрэчнай патрэбай чалавецтва”, - адзначыў арцыбіскуп Янгона. У сваім звароце ён нагадаў, што ў аснове хрысціянскага прывітання “Cупакой вам!”, якое прынята прамаўляць у гэты час, ляжыць супакой, падараваны Дзіцяткам Езусам. Ён падкрэсліў, што кожнае дзіця здольнае "пранікнуць у нашы сэрцы" і "змяніць нас".

Мір без зброі

Разважаючы пра канфлікт у М’янме і войны ў свеце, кардынал Бо падкрэсліў, што “Супакой Уваскрослага Хрыста – гэта супакой без зброі”. Ён нагадаў, што Езус здзяйсняў палітычныя і сацыяльныя пераўтварэнні без насілля, і заахвоціў вернікаў "стаць сведкамі гэтага высакароднага шляху і заклікаць усіх адмовіцца ад жорсткасці".

Кардынал Бо заўважыў, што ў сучасным свеце расце страх як сярод асобных людзей, так і сярод нацый. "Мір здаецца далёкім. Народы рыхтуюцца да вайны ў імя міру. Урады вінавацяць у слабасці, калі яны не адказваюць на гвалт гвалтам", - падкрэсліў іерарх.

У выніку, амаль усе нацыі працягваюць назапашваць зброю. Паводле апошніх ацэнак, толькі ў 2024 годзе сусветныя ваенныя выдаткі дасягнулі каласальнай лічбы ў 2,718 трыльёна долараў ЗША. Іерарх адзначыў, што “корань гэтага крызісу ляжыць у адносінах паміж дзяржавамі, якія будуюцца не на праве, справядлівасці і даверы, а на страху і панаванні”.

Альтэрнатыва ўзбраенню

“Пакуль пануе страх, колькасць зброі будзе расці”, - папярэдзіў кардынал Бо. Ён заклікаў народы замест узбраення абраць узаемную павагу і супрацоўніцтва. Спасылаючыся на заклікі Льва XIV, бірманскі іерарх падкрэсліў неабходнасць не толькі поўнага знішчэння арсеналаў, але і раззбраення сэрцаў.

Кардынал Бо нагадаў, што рэлігія адыгрывае вырашальную ролю ў мірабудаўніцтве, і асудзіў злоўжыванне рэлігіяй у палітычных канфліктах, этнічных падзелах і тэрарызме.

"Усе мы нясем адказнасць за прадухіленне злоўжывання імем Божым", - адзначыў кардынал Бо, назваўшы малітву, духоўную практыку і міжрэлігійны дыялог "высакароднымі і неабходнымі шляхамі да міру".

Завяршаючы пасланне, іерарх пажадаў, каб мір даказвалі не толькі словамі, але і ўчынкамі, асабліва дыялогам, уменнем слухаць і цярплівасцю. "Нянавісць і гвалт вынікаюць з чалавечай слабасці, а прабачэнне і міласэрнасць – гэта моц, якая аднаўляе чалавецтва", - заўважыў ён, заклікаючы Божае благаслаўленне на ўсіх, хто імкнецца да міру ў М'янме ўсімі магчымымі сродкамі.

03 студзеня 2026, 10:26