Газа. Ілюстрацыйнае фота Газа. Ілюстрацыйнае фота 

Біскупы: Газа знаходзіцца ў катастрафічным гуманітарным крызісе

Міжнародная дэлегацыя біскупаў завяршыла візіт у Святую Зямлю. Іерархі заклікалі да спынення гвалту ў рэгіёне і аказання падтрымкі супольнасцям, якія перажываюць цяжкі гуманітарны крызіс.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

17-21 студзеня 2026 года прадстаўнікі епіскапатаў краін Заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі здзейснілі штогадовую пілігрымку ў Святую Зямлю. У склад дэлегацыі ўваходзілі іерархі з Швейцарыі, Даніі, Фінляндыі, Ісландыі, Нарвегіі, Швецыі, Германіі, Англіі і Уэльса, Канады, Шатландыі, Іспаніі, ЗША, Францыі, Ірландыі і Італіі. Візіт прайшоў пад дэвізам: “Абяцаная зямля: сустрэча з людзьмі надзеі”.

Сустрэча з палесцінскімі хрысціянамі

Біскупы наведалі бедуінскія супольнасці на Заходнім беразе ракі Іардан і хрысціянскую палесцінскую вёску Тайбэх. Яны пачулі сведчанні пра няспынны гвалт з боку экстрэмістаў сярод ізраільскіх пасяленцаў, у тым ліку пра экспрапрыяцыю зямлі, знішчэнне маёмасці і аліўкавых дрэў, а таксама крадзеж жывёлы. Многія мясцовыя жыхары расказвалі, што жывуць у пастаянным страху і не могуць спаць па начах. На пытанне, хто бачыць іх пакуты і чуе просьбы аб жыцці ў міры з суседзямі, яны адказалі: “Ніхто”.

Салідарнасць, якая дорага каштуе

Іерархі асудзілі экспансію ізраільскіх калоній, насілле і запалохванні. Яны звярнулі ўвагу на катастрафічны гуманітарны крызіс, у якім знаходзіцца Газа. “Мужныя ізраільскія галасы, якія выступаюць за правы чалавека і грамадзян, усё больш сустракаюцца з пагрозамі. Салідарнасць з маргіналізаванымі групамі каштуе ўсё даражэй. Мы баімся, што хутка гэтыя галасы таксама будуць прымушаны змоўкнуць”, - заявілі біскупы.

Роўныя правы для ўсіх

Дэлегацыя пацвердзіла “права Ізраіля на існаванне і права ізраільцян на мір і бяспеку”, але запатрабавала “аднолькавых правоў для ўсіх асоб, якія пражываюць на гэтай зямлі”. Біскупы заклікалі свае ўрады “аказаць ціск на Ізраіль, каб ён прытрымліваўся міжнароднага парадку, заснаванага на правілах”, і аднавіў сур’ёзныя перамовы аб рашэнні праблемы на падставе прынцыпу існавання дзвюх дзяржаў.

Сведчанні, якія даюць надзею

Іерархі прызналіся, што былі глыбока ўзрушаныя верай і вытрываласцю мясцовых хрысціян і людзей іншых веравызнанняў, якія працягваюць выступаць за справядлівасць, дыялог і прымірэнне. Асаблівую ўвагу яны звярнулі на сведчанні бацькоў, якія страцілі дзіця падчас канфлікту і ўсё ж знаходзяць у сабе сілы прабачаць. “Гэта магутнае сведчанне магчымасці міру і прымірэння (...) Калі маці ці бацька просяць спынення гвалту, свет павінен слухаць – і дзейнічаць”, - напісалі біскупы.

Удзельнікі біскупскай пілігрымкі ў Святую Зямлю
Удзельнікі біскупскай пілігрымкі ў Святую Зямлю
23 студзеня 2026, 11:45