Пошук

Папа Францішак Папа Францішак  (ANSA)

У Буэнас-Айрэсе заснавалі Інстытут Папы Францішка

Каталіцкі ўніверсітэт Аргенціны заснаваў спецыяльны інстытут для навуковага даследавання і папулярызацыі духоўнай спадчыны Папы Францішка.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Каталіцкі ўніверсітэт Аргенціны (UCA) абвясціў аб стварэнні Інстытута Папы Францішка. Новая ўстанова павінна забяспечыць глыбокае вывучэнне і захаванне настаўніцтва Хорхэ Марыа Берголіа, які да свайго абрання на Пасад Пятра быў Вялікім канцлерам гэтага ўніверсітэта.

Як паведамляе агенцтва “Kathpress”, галоўнай задачай цэнтра стане аналіз імпульсаў, якія Пантыфік, спачылы ў 2025 годзе, даў Касцёлу і сучаснаму грамадству.

Дырэктарам інстытута прызначаны ксёндз Фабіян Баэс, пробашч базілікі Ла Пьеда і даўні паплечнік памерлага Папы. Паводле яго слоў, дзейнасць цэнтра будзе ахопліваць навуковыя праекты, навучальныя курсы і публічныя сустрэчы. Баэс падкрэсліў, што думка Францішка заклікае глядзець на чалавецтва з эмпатыяй і мужнасцю, злучаючыся з самымі істотнымі каштоўнасцямі існасці.
 

21 студзеня 2026, 11:44