Пошук

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Чуванне моладзі, афіцыйныя сустрэчы, незвычайная акцыя – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Адвэнтавае чуванне моладзі праходзіць у Мінску. У ноч з 13 на 14 снежня 2025 года ў архікатэдральным касцёле маладыя вернікі збіраюцца на чуванне па тэме "Выбраў тых, каго сам хацеў". У праграме – святая Імша, дзяленне аплаткай, малітва Псальмамі, канферэнцыя, Ружанец, іншыя набажэнствы.

Біскуп Юрый Касабуцкі прыняў удзел у пасяджэнні Кансультатыўнай міжканфесійнай рады. 11 снежня 2025 года ў Іўі прайшло пасяджэнне на чале з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандрам Румакам. У сустрэчы ўдзельнічаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Пасяджэнне пачалося са знаёмства з іўеўскай мячэццю, затым удзельнікі агледзілі экспазіцыю музея нацыянальных культур, усклалі кветкі да знака ў памяць загінуўшых у Другой сусветнай вайне, наведалі памятны знак "У гонар сяброўства і згоды канфесій Іўеўшчыны".

У Глыбокім біскуп Алег Буткевіч ушанаваў адноўлены абраз Маці Божай Падхорнай. 8 снежня 2025 года, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, віцебскі ардынарый наведаў парафію Святой Тройцы. На заканчэнне святой Імшы іерарх ушанаваў і акадзіў адноўлены абраз Маці Божай Падхорнай. Ікона мае багатую гісторыю і з’яўляецца каштоўным скарбам у гэтым касцёле. Таксама, як склалася па традыцыі ў глыбоцкай парафіі, быў прынесены кош белых ружаў з удзячнасцю за Яе апеку і падтрымку.

Пробашчы парафій і біскуп Гродзенскі сустрэліся з кіраўніцтвам горада. 12 снежня 2025 года ў гарвыканкаме прайшла сустрэча яго старшыні Андрэя Хмеля з каталіцкім духавенствам на чале з біскупам Уладзімірам Гуляем. На сустрэчы абмяркоўваліся пытанні стану пажарнай бяспекі ў касцёлах, меры бяспекі падчас святочных мерапрыемстваў у гонар Божага Нараджэння, будаўніцтва новых культавых аб’ектаў, узаемадзеянне уладаў і Касцёла. Старшыня гарвыканкама падзякаваў духавенству за супрацоўніцтва, адкрытасць да дыялогу, аператыўную перарэгістрацыю парафій дыяцэзіі.

Парафія ў Навагрудку ладзіць адвэнтавую дабрачынную акцыю дапамогі дзецям у Афрыцы. Супольнасць заахвочвае дапамагчы незвычайным спосабам – сэканомленыя сродкі падчас Адвэнту прызначыць для дзяцей у Сьера-Леонэ. Там служыць салезіянін з Беларусі, айцец Сяргей Гоман. У Сьера-Леонэ ён заснаваў цэнтр дапамогі дзецям, якія сталі ахвярамі гвалту. Цяпер у прытулку знаходзіцца каля 170 дзяцей рознага узросту. Да дабрачыннай акцыі дапамогі вернікі запрашаюць далучыцца таксама ахвотных з іншых парафій.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholicminsk.by і ўласнай інфармацыі.
 

13 снежня 2025, 08:40