Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
Адбылася прэзентацыя першага поўнага каталіцкага перакладу "Пяцікніжжа Майсея" на беларускую мову. 20 снежня 2025 года мерапрыемства сабрала іерархаў Каталіцкага Касцёла, прадстаўнікоў іншых хрысціянскіх канфесій і рэлігійных супольнасцяў Беларусі, дзяржаўных уладаў. Праца над перакладам і выданнем кнігі працягвалася каля пяці гадоў. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскіў у сваім выступе падкрэсліў гістарычнае значэнне падзеі і адзначыў, што "словы Пяцікніжжа – гэта перш за ўсё духоўны мост паміж мінулым і сучасным, паміж беларускай мовай і глыбінёй Божага слова". Ад імя епіскапату ён выказаў удзячнасць усім, хто спрычыніўся да перакладу.
У пацярпелым ад пажару касцёле ў Сапоцкіне адбылася святочная Імша. Нягледзячы на тое, што згарэў дах святыні і распачаліся рамонтныя працы, парафіяне здолелі прывесці касцёл у парадак і арганізаваць свята. Цэлебрацыю Пастэркі ўзначаліў біскуп эмэрыт Аляксандр Кашкевіч – падчас святочнай Імшы маліліся ў інтэнцыі парафіі і за ўсіх дабрачынцаў, ахвярадаўцаў, за тых, хто дапамагаў супольнасці фізічна, малітоўна, фінансава і інфармацыйна.
Жывая батлейка дзейнічае ў Удзеле. Айцы францішкане арганізавалі месца, дзе калядная сцэна дапоўнена жывымі жывёламі: козамі, трусамі, поні і ламай. Батлейка дзейнічае з 25 да 28 снежня 2025 года. Побач знаходзіцца кафэ з гарачай гарбатай. Таксама пакупнікоў чакае хрысціянская крама, якая прапануе вырабы і падарункі з духоўным сэнсам. Па вечарах асаблівы настрой стварае вогнішча, каля якога можна сабрацца з сям'ёй і сябрамі.
Першы ў Беларусі святар з Індыі пачаў служыць у Пінскай дыяцэзіі. На Божае Нараджэнне ўпершыню святочную імшу адпраўляў айцец Харальд Джуд Менезес, які стаў пробашчам парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дарава. Да гэтага святар, які належыць да Таварыства Божага Слова, шмат гадоў служыў у Расіі і добра ведае рускую мову. А цяпер – вучыць беларускую і ўжо цэлебруе на ёй святыя Імшы.
Аплаткавая сустрэча супрацоўнікаў Caritas Беларусь прайшла пад Мінскам. 22 снежня 2025 года ў дзіцячым дабрачынным сацыяльна-рэабілітацыйным цэнтры святога Лукі ў Ляскоўцы сабраліся супрацоўнікі дабрачыннай місіі. Эўхарыстыю ў інтэнцыі ўсіх супрацоўнікаў, валанцёраў, ахвярадаўцаў і партнёраў Caritas узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Ён скіраваў падзяку ўсім, хто мае дачыненне да справы Caritas і пажадаў патрэбных ласкаў у рэалізыі ўсіх добрых намераў і планаў арганізацыі.
У Гродзенскай дыяцэзіі cтвораны цэнтр руху "Сужэнскія сустрэчы". Пары, адказныя за развіццё гэтага руху ў дыяцэзіі, падчас Адвэнту сустрэліся з мясцовым біскупам Уладзімірам Гуляем, падзяліліся планамі служэння, атрымалі пастырскае благаслаўленне на далейшую працу з сем’ямі і кансэкраванымі асобамі. У Гродне адна з малых груп руху ўжо на працягу шасці гадоў дзейнічае пры парафіі Божай Міласэрнасці. У планах на бліжэйшы год – адкрыццё яшчэ адной групы. Гэта магчымасць для сем’яў і кансэкраваных асобаў свядома клапаціцца пра свае адносіны з Богам, з сабой і з іншымі людзьмі, паглыбляць іх і аднаўляць радасць быцця разам.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholicminsk.by і ўласнай інфармацыі.