Піцабала: мы не забудзем мінулае, але павінны ісці наперад
Марыя Валодзіна - Vatican News
19 снежня 2025 года кардынал Пербатыста Піцабала распачаў свой традыцыйны душпастырскі візіт да католікаў Газы.
Сведкі веры і надзеі
Нягледзячы на перамір’е, умовы жыцця ў Сектары Газа застаюцца надзвычай цяжкімі, а будучыня – няпэўнай. Звяртаючыся да вернікаў, якія падрыхтавалі яму святочны прыём, кардынал Піцабала заклікаў “найперш аднавіць сэрцы, не баяцца і быць адзінымі і моцнымі”. Ён падкрэсліў, што мясцовыя хрысціяне прадэманстравалі, што значыць заставацца моцнымі, назваўшы іх сведкамі веры і надзеі для ўсяго свету. "Мы не можам забыць тое, што адбылося, і мы ніколі гэтага не забудзем, але цяпер мы павінны ісці наперад", - падкрэсліў Патрыярх.
Шырока распаўсюджаная беднасць
Пробашч парафіі Святой Сям’і ў Газе, айцец Габрыэль Раманэлі назваў візіт Патрыярха вялікай радасцю сярод шматлікіх пакут. Ён адбыўся, нягледзячы на цяжкасці: неабходнасць атрымаць дазвол на праезд, разбураныя дарогі, чэргі грузавікоў. У краі пануе беднасць. "Кошты знізіліся, але большасць насельніцтва не можа дазволіць сабе тавары першай неабходнасці і залежыць ад гуманітарнай дапамогі, - паведаміў пастыр.
Кардынал Піцабала з дзецьмі Газы
Патрыярх Піцабала наведаў розныя раёны горада, у тым ліку і Зайтун, дзе ў каталіцкай школе прайшло першае за больш за два гады свята з удзелам хрысціянскіх і мусульманскіх вучняў. Іерарх сустрэўся з парафіяльнымі групамі, святарамі, манахінямі, дзецьмі, хворымі, пажылымі, бежанцамі, навучэнцамі і супрацоўнікамі школы. Вучні падрыхтавалі праграму з танцамі, спевамі і прамовамі на арабскай і англійскай мовах. Кранальным жэстам стала выпусканне ў неба двух галубоў міру.
Братэрскія сустрэчы ў Сектары Газа
Кардынал Піцабала таксама пабываў у грэка-праваслаўнай царкве святога Парфірыя, дзе сустрэўся са святарамі і архіепіскапам Алексіасам. Акрамя таго, ён наведаў хворых і далучыўся да малітвы Ружанца ў парафіі Святой Сям'і. Запланаваныя таксама візіты ў гуманітарныя ўстановы: штаб-кватэру Карытас у раёне Ан-Наср (Паўночная Газа), хрысціянскую клініку у Аль-Рымаль (Заходняя Газа), дабрачынны цэнтр Каталіцкай службы дапамогі (Catholic Relief Services), арабскі шпіталь Аль-Ахлі ў Старым горадзе, шпіталь Тал аль-Хава, універсітэт Аль-Азхар і лагеры для перамешчаных асоб на ўзбярэжжы.