Піцабала на Божае Нараджэнне: шлях хрысціян – не гвалт, а любоў
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Лацінскі Патрыярх Іерусаліма скіраваў святочнае пасланне да каталіцкай супольнасці ў Святой Зямлі. Ён заклікаў вернікаў святкаваць Божае Нараджэнне нягледзячы на цяжкасці і заставацца святлом Езуса Хрыста ў грамадстве, несучы суцяшэнне і падтрымку ўсім, хто гэтага патрабуе.
Трэба святкаваць, асабліва дзеля дзяцей
Кардынал Піцабала заўважыў, што мінулы год для Касцёла ў Святой Зямлі быў вельмі цяжкім, а наступны таксама будзе складаным. “Але важна адцягнуцца ад усяго гэтага болю і радавацца Божаму Нараджэнню, асабліва дзеля нашых дзяцей, нашых сем’яў, нашых бедных”, - падкрэсліў ён, заклікаючы дзяліцца гэтай радасцю з патрабуючымі.
Шлях хрысціян
Патрыярх звярнуў увагу на важнасць паслання, якое нясе Божае Нараджэнне ў свеце, дзе з табой не лічацца, калі ты не выкарыстоўваеш сілу, і дзе гвалт, моц і нянавісць становяцца агульнапрынятымі з’явамі. Божае Нараджэнне нагадвае, што хрысціянскі шлях іншы: Бог уваходзіць у нашу гісторыю і нашы ночы як нованароджанае Дзіця, але “гэта нованароджанае Дзіця, вельмі слабое з чалавечага пункту гледжання, змяніла свет, і ўсе народы і ўсё чалавецтва зачараваныя Ім”, - напісаў кардынал Піцабала.
Вера выражаецца ў справах
Лацінскі Патрыярх Іерусаліма запэўніў, што Касцёл у Святой Зямлі працягне служыць грамадству, будучы ў ім “святлом Езуса Хрыста, каб несці суцяшэнне, падтрымку і салідарнасць паўсюль, дзе яны неабходныя”.
“Мы хочам таксама быць голасам праўды, заклікаць да справядлівасці і павагі да правоў чалавека і годнасці ўсіх, бо менавіта гэта мы святкуем на Божае Нараджэнне, святкуем уцелаўленне Слова, якое з’яўляецца нечым рэальным і канкрэтным. Наша вера павінна заўсёды сустракаць рэальнасць нашага жыцця і дакранацца да яе як на асабістым, так і на грамадскім узроўні”, - напісаў Патрыярх.