Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

“Fides”: у 2025 годзе найбольш місіянераў загінулі ў Нігерыі

У 2025 годзе ва ўсім свеце былі забіты 17 місіянераў і душпастырскіх работнікаў: святароў, законніц, семінарыстаў і свецкіх вернікаў, паведамляе інфармацыйнае агенцтва “Fides”.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Самымі небяспечнымі рэгіёнамі свету па-ранейшаму застаюцца Афрыка і Амерыка, якія год ад году змяняюць свае пазіцыі ў антырэйтынгу. Сёлета найбольш каталіцкіх місіянераў загінула ў Афрыцы – дзесяць чалавек, з якіх шэсць святароў, два семінарысты і два катэхеты.

Пяць чалавек з гэтай групы былі забіты ў Нігерыі – краіне, дзе хрысціяне рэгулярна падвяргаюцца нападам і выкраданням з мэтай патрабавання выкупу. Яшчэ два – у Буркіна-Фасо, і па адным – у Сьера-Леонэ, Кеніі і Судане.

На другім месцы сумнай статыстыкі знаходзіцца Амерыка, дзе на працягу 2025 года загінулі чацьвёра місіянераў: два святары і дзве законніцы. Гаворка ідзе пра манахінь, забітых членамі ўзброенай банды на Гаіці, а таксама пра святароў, якія страцілі жыццё ў Мексіцы і Злучаных Штатах Амерыкі.

У Азіі загінулі два святары: адзін у М’янме, дзе працягваецца ўзброены грамадзянскі канфлікт, і другі – на Філіпінах. У Еўропе быў забіты адзін святар: 58-гадовы ксёндз Гжэгаж Дымэк, пробашч парафіі Маці Божай Фацімскай у польскім мястэчку Клобуцк. Ён загінуў ад рук злачынцы, які прабраўся на плябанню з мэтай абрабавання.

Агенцтва “Fides” паведамляе, што з 2000 па 2025 год ва ўсім свеце было забіта 626 каталіцкіх місіянераў і місіянерак.
 

30 снежня 2025, 13:09