2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Святкаванне ў сінагозе, дыяканскае пасвячэнне, IT-канферэнцыя – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя “Vatican News”. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Прадстаўнікі Касцёла ў мінскай сінагозе ўдзельнічалі ў канферэнцыі, прысвечанай Дэкларацыі “Nostra aetate”. 29 лістапада 2025 года ў сінагозе Рэлігійнага Аб’яднання Абшчын Прагрэсіўнага Юдаізму пры ўдзеле Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбылася канферэнцыя да 60-годдзя Дэкларацыі Другога Ватыканскага Сабору аб адносінах да нехрысціянскіх рэлігій. У мерапрыемстве прынялі ўдзел Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Іньяцыё Чэфаліа, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, святары. Прадстаўнік Папы пажадаў, каб гэты юбілей натхніў "будаваць грамадства, у якім рэлігіі не будуць інструментамі падзелу, а крыніцай міру, братэрскай любові, апекі і агульнай адказнасці".

У гродзенскай катэдры адбылося дыяканскае пасвячэнне. 6 снежня 2025 года чацвёра студэнтаў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі прынялі дыяканскае пасвячэнне з рук біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя. Усе чацвёра семінарыстаў паходзяць з Гродзенскай дыяцэзіі: гэта Віталій Сямёнаў і Аляксей Ціхан з Ліды, Дзмітрый Роўны з Новага Двара Шчучынскага дэканату і Максім Ваўчок з Мастоў.

У Мінску прайшла Трэцяя хрысціянская IT-канферэнцыя. 29 лістапада 2025 года ў Хрысціянскім сацыяльным у цэнтры адбылася канферэнцыя "IT for Christ", якая сабрала 60 удзельнікаў розных канфесій – адмыслоўцаў у галіне інфармацыйных тэхналогій. Святую Імшу на пачатак сустрэчы ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, гамілію прамовіў арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, які ўдзельнічае ў гэтай ініцыятыве ад самага пачатку. На канферэнцыі былі прадстаўленыя даклады, праекты, адбылася дыскусійная панэль.

Срэбны юбілей святарства пробашча ў Вілейцы адзначылі з удзелам трох біскупаў. 2 снежня 2025 года ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа маліліся і дзякавалі Богу за 25 год святарства ксяндза Аляксандра Барылы. Урачыстую святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі разам з арцыбіскупам-эмерытам Тадэвушам Кандрусевічам і біскупам Кірылам Клімовічам – пастырам дыяцэзіі ў расійскім Іркуцку. Падчас свята адбылося благаслаўленне абноўленага галоўнага алтара святыні.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicminsk.by і ўласнай інфармацыі.
 

06 снежня 2025, 09:46