Армянскі Патрыярх: Папа ўражаны верай хрысціян Лівана
Ян Глінскі
“Тут, у гэтым кутку свету, ёсць народ, які верыць, народ, які пакутуе ў цішыні, але які мае моцную стойкасць”, - адзначыў прадстаяцель Армянскай Каталіцкай Царквы. Па яго словах, Пантыфік змог адчуць гэтыя каштоўнасці падчас сустрэч з моладдзю і падчас урачыстага святкавання на набярэжнай Бейрута.
У размове з Жан-Шарлем Пуцалу з Vatican News Патрыярх падзяліўся, як узрушыў яго клопат Святога Айца аб хрысціянскіх супольнасцях у рэгіёне. “Калі я прадставіў яму сітуацыю, у якой мы апынуліся, па яго позірку можна было адчуць, наколькі ён бярэ гэта ўсё на свае плечы. Як хтосьці, хто ўбірае зло твайго сэрца, носіць яго ў сабе і перамяняе ў пазітыўны вобраз, у глыбокую і трывалую надзею”, / адзначыў прадстаяцель, узгадваючы прыватную размову з Папам Львом XIV.
Як заўважыў Патрыярх Мінасян, без шчырага імкнення да справядлівасці не ўдасца дасягнуць міру. “Ёсць чатыры словы, якія я асабіста захаваю пасля гэтага візіту: надзея, адзінства, мір і справядлівасць”, - дадаў прадстаяцель Армянскай Каталіцкай Царквы.
Падчас апостальскага падарожжа Папа запрасіў ўсе хрысціянскія Цэрквы адзначыць Юбілей Адкуплення ў Іерусаліме ў 2033 годзе. Патрыярх перакананы, што “гэта пачатак”, бо “адзінства ўжо дасягнута сярод Божага народа”. Ліванскі прадстаяцель сказаў, што праз малітву даручае ўсе царкоўныя супольнасці Богу, і падкрэсліў пры гэтым, што “малітва – гэта непераможная зброя”.
Патрыярх Мінасян узгадаў таксама, як “глыбока ён быў узрушаны, калі ўбачыў больш за сто тысяч людзей на малітве”. “Мы ніколі не адны. І менавіта таму мы павінны працягваць ісці разам”, - падкрэсліў Патрыярх Кілікійскі.