Пошук

Патрык Келі, кіраўнік "Рыцараў Калумба" Патрык Келі, кіраўнік "Рыцараў Калумба" 

“Рыцары Калумба”: сэрца Святога Айца адкрытае на бедных

У межах юбілейнай пілігрымкі ў Рым рады каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Рыцары Калумба” адбылася першая аўдыенцыя гэтай супольнасці з Папам Львом XIV. Пантыфік прыняў рыцараў разам з іх сем’ямі.

Ян Глінскі

“Асабіста для мяне было вельмі кранальна, што члены нашай рады маглі прывесці свае сем’і, – адзначыў Вярхоўны рыцар Патрык Кэлі. – Папа прывітаў кожнага і прысвяціў нам шмат часу, за што мы вельмі ўдзячныя”. У размове з Vatican News Вярхоўны рыцар падкрэсліў, што сустрэча з Пантыфікам, якая мела месца 6 кастрычніка 2025 года, была сапраўды ўнікальным досведам.

Па словах Патрыка Кэлі, было вельмі кранальна ўсведамляць, што Папа паходзіць з Амерыкі і “ўзрастаў усяго за некалькі сотняў міль ад цябе”. “На маю думку, гэта вельмі асаблівы час для ўсяго Касцёла, – перакананы ён. – Папа Леў нарадзіўся ў Злучаных Штатах, але насамрэч ён з’яўляецца Папам усяго свету. У яго сэрца місіянера, сэрца, адкрытае на бедных. Ён сапраўды Папа для ўсіх, і гэта цудоўна”.

Падчас сустрэчы Вярхоўны рыцар размаўляў з Папам аб крызісе, які перажываюць сучасныя мужчыны, часта адчуваючы сябе “ізаляванымі і самотнымі”. “Рыцары Калумба могуць шмат зрабіць, каб аб’яднаць аднадумцаў, якія маюць сэрца для Касцёла, і могуць пазмагацца з “эпідэміяй адзіноты”, пра якую мы так шмат гаворым”, – дадаў Патрык Кэлі, распавёўшы пры гэтым пра новую праграму пад назвай Cor, сутнасць якой заключаецца ў духоўнай фармацыі мужчын і дзяленні верай з іншымі.

“Мы аб’ядноўваем мужчын у атмасферы даверу і веры. Мы забяспечваем іх матэрыяламі, каб яны маглі чытаць, вывучаць, а потым разам абмяркоўваць вельмі важныя пытанні. Вядома, гаворка ідзе пра фармацыю веры, але гэта таксама нешта большае... Гэта асабістая сустрэча – як адзін з адным, так і з Езусам Хрыстом”, – распавёў Вярхоўны рыцар і выказаў надзею, што такія сустрэчы для мужчын будуць спрыяць далейшаму развіццю “Рыцараў Калумба”.
 

10 кастрычніка 2025, 09:00