Катэдра ў Вэстмінстэры. Ілюстрацыйнае фота Катэдра ў Вэстмінстэры. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Касцёл Англіі: юбілей і балючая памяць

175-годдзе аднаўлення іерархіі ў Англіі стала нагодай для заклікаў да пакаяння з боку дзяржавы і Англіканскай Царквы за стагоддзі антыкаталіцкіх ганенняў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У каталіцкіх касцёлах Англіі быў зачытаны пастырскі ліст з нагоды 175-й гадавіны аднаўлення каталіцкай іерархіі булай Папы Пія IX “Universalis Ecclesiae” 1850 года. У лісце, падпісаным кардыналам Вінцэнтам Нікалсам, старшынёй епіскапату, адзначаецца, што гэты крок дапамог католікам “вярнуць прызнанае месца ў грамадскім і палітычным жыцці” пасля “стагоддзяў супраціву і падаўлення”. Аднак гэтая дата стала таксама падставай для больш глыбокіх разважанняў пра гістарычную несправядлівасць.

Цімаці Гайл, старшыня англійскай Асацыяцыі каталіцкай гісторыі, лічыць, што ўрачыстасці не павінны засланяць цёмныя старонкі мінулага. “Пачынаючы з Рэфармацыі, дзяржава выкарыстоўвала новую Англіканскую Царкву як орган кантролю, а англіканскія іерархі падтрымлівалі пераслед католікаў”, - патлумачыў гісторык.

“Ніколі не было ніякіх выбачэнняў за гэта, ні жэсту шкадавання ў адносінах да сем'яў, якія рызыкавалі жыццём, дапамагаючы святарам-уцекачам”, - дадаў ён.

На яго думку, з прычыны мінулай дыскрымінацыі паміж каталіцкай і англіканскай супольнасцямі ўсё яшчэ існуюць “відавочныя эканамічныя і грамадскія адрозненні”.

Жорсткія штрафы, якія накладаліся на католікаў за адмову наведваць англіканскія набажэнствы, выкарыстоўваліся як крыніца даходу і прымушалі многіх прадаваць свае маёнткі. Гісторык лічыць несправядлівым сцвярджэнне, што ўсё гэта рабілася для абароны ад замежнага ўварвання.

Пераслед католікаў пачаўся пасля разрыву караля Генрыха VIII з Рымам у 1534 годзе. Карныя законы прадугледжвалі смяротнае пакаранне для святароў, якія цэлебравалі Імшу. Католікам забаранялася падарожнічаць, набываць ці атрымліваць у спадчыну зямлю.

Толькі ў 1829 годзе “Акт аб эмансіпацыі католікаў” дазволіў ім паступаць ва ўніверсітэты, займаць дзяржаўныя пасады і быць у парламенце. А некаторыя абмежаванні, напрыклад, забарона членам каралеўскай сям'і ўступаць у шлюб з католікамі, былі знятыя толькі ў 2013 годзе. Сотні католікаў былі замучаны, а матэрыяльныя страты сем'яў дагэтуль не падлічаны.
 

06 кастрычніка 2025, 10:45