Пошук

Кардынал Курт Кох падчас урачыстых Нешпараў на завяршэнне Тыдня малітваў за адзінства хрысціян Кардынал Курт Кох падчас урачыстых Нешпараў на завяршэнне Тыдня малітваў за адзінства хрысціян  (Vatican Media)

Кардынал Кох: экуменізм яшчэ без агульнай канцэпцыі адзінства

Кардынал Курт Кох адзначыў, што праз 60 гадоў экуменічнага дыялогу дасягнута многае, аднак агульнай канцэпцыі адзінства паміж хрысціянамі дагэтуль няма.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству ў інтэрв’ю нямецкаму парталу “katholisch.de” прызнаў, што ў экуменічным дыялогу ўсё яшчэ няма агульнага разумення таго, што такое адзінства і ў чым яно палягае. На яго думку, розныя Цэрквы і супольнасці маюць адрознае бачанне мэты экуменізму, што стварае аснову для далейшай дыскусіі.

Адзінства як пытанне веры

Як адзначыў іерарх, для Каталіцкага Касцёла экуменізм найперш з’яўляецца пытаннем веры. Ён тлумачыць, што адзінства хрысціян павінна грунтавацца на агульнай веры, выкладзенай у Апостальскім сімвале. Гэтая вера перадаецца кожнаму верніку праз сакрамэнт хросту і становіцца яго асабістым духоўным скарбам.

Тым часам шматлікія рэфармацыйныя супольнасці бачаць адзінства ва ўзаемным прызнанні ўсіх хрысціянскіх супольнасцей як складнікаў адзінай касцельнай рэальнасці.

Ад варожасці да братэрства

Кардынал Кох адзначыў значныя дасягненні апошніх дзесяцігоддзяў. Паводле яго, галоўным з іх стала змяненне стаўлення паміж хрысціянамі: “Мы больш не бачым адно аднаго як ворагаў або ерэтыкоў, але як братоў і сясцёр, хоць і падзеленых”.

Сярод асаблівых вынікаў іерарх вылучыў “Сумесную дэкларацыю аб дактрыне апраўдання”, падпісаную ў 1999 годзе ў Аўгсбургу разам з лютэранамі, якая стала ўнікальным крокам у пераадоленні гістарычнага разлому, што ўзнік у эпоху Рэфармацыі.

Адзінства – пастаянная задача ўсіх паслядоўнікаў Хрыста

Гледзячы ў будучыню, кардынал Кох заклікаў католікаў і ўсіх хрысціян аднавіць усведамленне жыццёвай неабходнасці экуменічнага шляху. Ён падкрэсліў, што імкненне да адзінства з’яўляецца не дадаткам, а сутнасцю хрысціянскай веры. “Каб наблізіцца да мэты, патрэбна трывалае імкненне да адзінства і невычэрпная цярплівасць”, - адзначыў іерарх.

Швейцарскі кардынал Курт Кох, якому 75 гадоў, ужо пятнаццаць гадоў узначальвае структуру Рымскай курыі, якая займаецца праблематыкай хрысціянскага адзінства.
 

07 кастрычніка 2025, 11:47