Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
Рэкалекцыі для біскупаў прайшлі ў Сапоцкіне. 22-24 верасня 2025 года духоўныя практыкаванні для беларускіх іерархаў праводзіў ксёндз Віктар Гайдукевіч, які нядаўна абараніў у Германіі доктарскую дысертацыю па кананічным праве і з’яўляецца вышэйшым настаяцелем салезіянаў у Беларусі. На працягу трох дзён біскупы праводзілі час ў малітве, слуханні Божага Слова і разважанняў рэкалекцыяніста, разам цэлебравалі Эўхарыстыю.
Апостальскі нунцый узначаліў святую Імшу для англамоўных вернікаў у Мінску. Арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа 20 верасня 2025 года наведаў касцёл Найсвяцейшай Тройцы (святоха Роха), дзе дзейнічае душпастырства для англамоўных вернікаў сталіцы. Ва ўрычастасці прыняло ўдзел каля 50 чалавек больш чым з дзесяці краін свету: студэнты мінскіх ВНУ, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, асобы, якія пераехалі жыць у Беларусь з замежжа. Пасля Імшы прысутныя мелі магчымасць у нефармальнай атмасферы бліжэй пазнаёміцца з Апостальскім нунцыем і распавесці, з якіх краін яны паходзяць, якія маюць зацікаўленасці.
Старшыня епіскапату благаславіў новую рэзідэнцыю біскупа Аляксандра Кашкевіча. 23 верасня 2025 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі здзейсніў благаслаўленне памяшкання біскупа эмерыта. Рэзідэнцыя першага ардынарыя Гродзенскай дыяцэзіі цяпер знаходзіцца ў рэкалекцыйным доме ў Сапоцкіне. У гэты ж дзень біскупы Беларусі асабліва маліліся на святой Імшы за заслужанага іерарха і віншавалі яго з 76-годдзем.
35 гадоў служэння ў Беларусі адзначылі сёстры францішканкі. 21 верасня 2025 года ў касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім адбылася ўрачыстая святая Імша з нагоды юбілею служэння сясцёр францішканак Сям’і Марыі ў Беларусі і менавіта ў глыбоцкай парафіі. На юбілейную ўрачыстасць прыбылі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, святары і кансэкраваныя асобы з суседніх парафій, прадстаўнікі мясцовай улады. Урачыстую Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч, які маліўся ў інтэнцыі сясцёр-юбілярак. З віншавальным словам да іх звярнуўся старшыня Глыбоцкага райвыканкама Пётр Белусь.
У гродзенскай семінарыі прайшла цырымонія адкрыцця навучальнага года. 20 верасня 2025 года ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі вучобу распачалі 42 студэнты. У цырымоніі адкрыцця навучальнага года ўдзельнічалі біскупы, кіраўніцтва, выкладчыкі. Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй у прывітальным слове параўнаў новы навучальны год з "новай старонкай, на якой Пан Бог праз вашыя намаганні і Сваю ласку хоча напісаць гісторыю паклікання, вернасці і святасці". 11 студэнтаў прапедэўтычнага курса атрымалі заліковыя кніжкі і студэнцкія білеты, а студэнты трэцяга курса ўпершыню апранулі сутаны.
У Докшыцах прайшла сустрэча катэхетаў Віцебскай дыяцэзіі. 22 верасня 2025 года ў парафіі святой Тройцы спатканне распачалося Эўхарыстыяй, якую ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч. Падчас гаміліі іерарх нагадаў пра вартасць паслугі катэхета розным узроставым катэгорыям, імкненне сучаснага Касцёла да сінадальнасці. Затым удзельнікі паслухалі канферэнцыю, падзяліліся сведчаннямі, адзначылі неабходнасць удзелу бацькоў у катэхізацыі дзяцей.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by і ўласнай інфармацыі.