Вялікдзень у Францыі: больш за 11 тысяч дарослых прымуць хрост
Ян Глінскі
Паводле звестак епіскапату, ахрышчаны будуць 10 384 дарослых і 7 400 падлеткаў, што на 45 працэнтаў больш, чым у мінулым годзе. Тэндэнцыя назіраецца ў 90 працэнтах дыяцэзій. Найбольшы рост зафіксаваны сярод старшакласнікаў і ва ўзросце 18-25 гадоў.
Паводле вынікаў апытання, праведзенага сярод амаль 900 катэхуменаў, пераважная большасць з іх – амаль 65 працэнтаў – выхоўваліся ў нерэлігійных сем’ях.
На пытанне, як адкрылі для сябе веру, 40 працэнтаў рэспандэнтаў адказалі, што дзякуючы ўласным даследаванням, 23 працэнты – дзякуючы сям’і, 14 працэнтаў – пад уплывам сяброў. 25 працэнтаў апытаных сцвердзілі, што ў працэсе навяртання яны маглі разлічваць на веруючых сяброў, 20 працэнтаў – на бабуль і дзядуляў, 12 працэнтаў – на сужэнцаў і бацькоў.
Паводле вынікаў даследавання, сярод важных элементаў на шляху адкрыцця веры былі ўдзел у літургіі Касцёла і чытанне Бібліі. 83 працэнты катэхуменаў прымалі ўдзел ў святой Імшы перад тым, як прыняць рашэнне прыступіць да хросту. 59 працэнтаў апытаных чыталі Святое Пісанне перад пачаткам катэхуменату, 17 працэнтаў з іх – рэгулярна.
40 працэнтаў рэспандэнтаў указалі на ўплыў моцнага духоўнага вопыту на працэс іх навяртання. Для іншых вырашальную ролю адыгралі ўступленне ў шлюб ці нараджэнне дзіцяці (10 працэнтаў), чытанне Святога Пісання (10 працэнтаў) або сведчанне сяброў (10 працэнтаў).
78 працэнтаў катэхуменаў сцвердзілі, што на адкрыццё або паглыбленне іх веры паўплывалі сацыяльныя сеткі. 54 працэнты адзначылі, што на шляху веры ім дапамагаў святар, кансэкраваная асобва або катэхет. 32 працэнты ўказалі на важную ролю сябра. Аднак 24 працэнты рэспандэнтаў прызналіся, што прайшлі шлях да веры самастойна.
95 працэнтаў катэхуменаў жадаюць уключыцца ў жыццё Касцёла пасля хросту. 57 працэнтаў падзяліліся сваімі чаканнямі і адказалі, што шукаюць сяброў, якія падзяляюць іх веру, 22 працэнты – духоўнага кіраўніцтва.