Касцёл у Швейцарыі ўводзіць псіхалагічнае тэставанне святароў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Касцёл у Швейцарыі ўзмацняе меры бяспекі, каб прадухіліць выпадкі сексуальных злоўжыванняў. Згодна з дэкрэтам Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў ад 11 сакавіка 2025 года, усе кандыдаты ў святары і душпастырскія работнікі павінны прайсці абавязковае псіхалагічнае тэставанне.
Працэдура ўключае чатыры этапы: псіхалагічны тэст, гутарку з экспертамі па ацэнцы прафесійных якасцяў, судова-клінічную ацэнку рызык і заключную гутарку з кіраўніком семінарыі або біскупам. Гэта патрабаванне распаўсюджваецца і на замежных святароў, якія жадаюць працаваць у Швейцарыі.
Меры прыняты ў адказ на даследаванне Цюрыхскага ўніверсітэта, якое выявіла 921 ахвяру сексуальных злоўжыванняў у касцельным асяроддзі Швейцарыі. Новая сістэма адбору, распрацаваная з удзелам судовых псіхолагаў, аналізуе рызыкі, уключаючы асаблівасці сексуальнага развіцця і спосабы ўстанаўлення адносін.