Пошук

Cookie Policy
The portal Vatican News uses technical or similar cookies to make navigation easier and guarantee the use of the services. Furthermore, technical and analysis cookies from third parties may be used. If you want to know more click here. By closing this banner you consent to the use of cookies.
I AGREE
Навагрудскія мучаніцы-назарэтанкі Навагрудскія мучаніцы-назарэтанкі  (s. AmataJ. Nowaszewska CSFN)

Спадчына ўсяго Касцёла: 25-годдзе беатыфікацыі назарэтанак з Навагрудка

25 гадоў таму ў Ватыкане адбылася беатыфікацыя благаслаўлёнай сястры Марыі Стэлы і дзесяці яе паплечніц з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, якія служылі і прынялі мучаніцкую смерць у Навагрудку ў гады Другой сусветнай вайны.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Вы – спадчына ўсяго Хрыстовага Касцёла на ўсе часы”, - казаў пра навагрудскіх мучаніц Папа Ян Павел ІІ падчас беатыфікацыйнай Імшы, якую цэлебраваў 5 сакавіка 2000 года на ватыканскай Плошчы Святога Пятра. Пантыфік асаблівым чынам адзначаў каштоўнасць сведчання любові законніц, іх прыклад хрысціянскага гераізму і давер да сілы Святога Духа.

Назарэтанкі распачалі сваё служэнне ў Навагрудку ў 1929 годзе. Яны займаліся працай з дзецьмі і моладдзю, заснавалі пачатковую школу, дапамагалі ў душпастырскай дзейнасці і рупіліся пра новыя пакліканні. З пачаткам Другой сусветнай вайны іх кляштар і школа былі адабраны, але законніцы не пакінулі горад і працягвалі служыць Богу і людзям, жывучы ў сем’ях і сустракаючыся каля касцёла.

У ліпені 1943 года манахіні прыйшлі ў аддзяленне гестапа, каб ахвяраваць сваё жыццё замест 120 мясцовых жыхароў, асуджаных на расстрэл. У выніку нацысты замянілі смяротнае пакаранне гэтым людзям на прымусовыя працы ў Германіі і ўсе яны перажылі вайну. 31 ліпеня навагрудскія назарэтанкі былі арыштаваны. Гітлераўцы ўсю ноч утрымлівалі манахінь у вязніцы, а раніцай вывезлі ў лес і расстралялі.


Беатыфікацыя законніц адбылася падчас Юбілейнага 2000 года. У гаміліі святы Ян Павел ІІ падкрэсліў, што Бог быў сапраўднай падтрымкай і сілай для навагрудскіх мучаніц – “падтрымкай на працягу ўсяго жыцця, а асабліва ў хвіліны страшнага выпрабавання, калі яны ўсю ноч чакалі смерці, потым – па дарозе да месца экзекуцыі і, нарэшце, у момант расстрэлу”.

“Адкуль яны ўзялі сілы ахвяраваць сабой дзеля ратавання жыцця арыштаваных жыхароў Навагрудка? Адкуль яны ўзялі мужнасць спакойна прыняць такі жорсткі і несправядлівы смяротны прысуд? Бог паступова рыхтаваў іх да гэтага моманту вялікага выпрабавання. Зерне ласкі, кінутае ў глебу іх сэрцаў у момант хросту і затым узрошчанае з вялікім клопатам і адказнасцю, добра прыжылося і прынесла самы цудоўны плод – дар іх жыцця. Хрыстус сказаў: “Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх”. Так, няма большай любові, чым калі хто аддае жыццё за сваіх братоў”, - падкрэсліваў Пантыфік падчас беатыфікацыйнай Імшы.

“Мы дзякуем вам, благаслаўлёныя навагрудскія мучаніцы, за гэта сведчанне любові, прыклад хрысціянскага гераізму і даверу да сілы Святога Духа. “Хрыстус выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў” (пар. Ян 15,16). Вы – самая каштоўная спадчына Кангрэгацыі Сясцёр Святой Сям’і з Назарэта. Вы – спадчына ўсяго Хрыстовага Касцёла на ўсе часы”, - казаў Папа.
 

05 сакавіка 2025, 11:05
Prev
April 2025
SuMoTuWeThFrSa
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930   
Next
May 2025
SuMoTuWeThFrSa
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031