Папа Ян Павел ІІ Папа Ян Павел ІІ 

Рым рыхтуецца да 20-годдзя з дня смерці святога Яна Паўла ІІ

Кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін узначаліць святую Імшу ў 20-ю гадавіну смерці святога Яна Паўла ІІ. Яна адбудзецца 2 красавіка 2025 года а 15.30 у Базіліцы Святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Літургія стане кульмінацыйным момантам ушанавання 20-й гадавіны вяртання святога Яна Паўла ІІ да дому Нябеснага Айца. Пасля цэлебрацыі на ватыканскай плошчы Святога Пятра пройдзе малітоўнае чуванне з разважаннямі на італьянскай і польскай мовах. Яно распачнецца а 21.00 па цэнтральнаеўрапейскім часе.

Шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да памятнай даты, адбудзецца ў рымскім касцёле святога Станіслава, біскупа і мучаніка, які з’яўляецца духоўным цэнтрам польскай супольнасці. Яго будаўніцтва распачалося пасля Юбілею 1575 года па ініцыятыве кардынала Станіслава Гозія, які заўважыў, што польскія пілігрымы не мелі свайго нацыянальнага духоўнага цэнтру ў Вечным горадзе, у адрозненне ад многіх іншых еўрапейскіх народаў. Кансэкрацыю святыні здзейсніў у 1591 годзе кардынал Юры Радзівіл, тагачасны арцыбіскуп Кракаўскі. З XVIII стагоддзя ў касцёле знаходзіцца абраз “Цуд святога Казіміра пад Полацкам”, напісаны Францішкам Смуглевічам.

“Гэта месца моцна звязана з постаццю Святога Айца Яна Паўла ІІ, які шмат гадоў быў яго апекуном як арцыбіскуп і мітрапаліт Кракаўскі", - падкрэсліў адміністратар касцёла, ксёндз Томаш Яраш.

Увечары 16 сакавіка ў святыні пройдзе Імша і вечар духоўнай музыкі, падчас якога прагучаць велікапосныя творы ў выкананні вакальнага ансамбля “OCTAVA Ensemble” з Кракава, а 31 сакавіка велікапосную праграму прадставіць вакальная група Кракаўскага філарманічнага аркестра.

1 красавіка канцэрт на тэму “Credo”, прымеркаваны да 20-годдзя смерці Яна Паўла ІІ і 5-годдзя смерці польскага кампазітара Кшыштафа Пендарэцкага, пройдзе ў рымскай папскай Базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ.

16 сакавіка 2025, 12:35