Велікапосныя разважанні зноў гучаць пад скляпеннямі Нотр-Дам
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Традыцыя была заснавана ў 1835 годзе благаслаўлёным Фрыдэрыкам Азанамам. Шэсць нядзельных разважанняў аб'яднаны тэмай "Марыя Каралева Міру: ад Магніфікат да Апакаліпсіса" і прадстаўляюць падарожжа праз гісторыю асобы Марыі.
Марыя як правадніца праз стагоддзі хрысціянскай гісторыі
Духоўныя сустрэчы суправаджаюцца мастацкімі інсцэніроўкамі, музычнымі творамі і грыгарыянскімі спевамі, аб'яднанымі евангельскім гімнам "Магніфікат". Першую сустрэчу 9 сакавіка 2025 года правёў філосаф Ларанс Дэвіяр, прадставіўшы "Магніфікат" як Евангелле Марыі і яе ўнікальны шлях уваходжання ў Божы план.
16 і 23 сакавіка разважанні будуць прысвечаны музычным аспектам марыйнай традыцыі. Сільвен Дзьёданэ, дырэктар катэдральнага хору, прадставіць грыгарыянскія спевы, а арганіст Эрык Лебрун – марыйныя матывы ў сакральнай музыцы.
Марыя займае асаблівае месца ў справе збаўлення
Тэолаг-літургіст ксёндз Жыль Друэн 30 сакавіка раскрые тонкасці літургічнай прасторы сабора і месца Марыі ў збаўленні. 6 красавіка дамініканка сястра Ан Леку разгледзіць вобраз маці і дзіцяці ў кантэксце ўзаемадзеяння Божай і чалавечай любові.
Жанчына з Апакаліпсіса: адважная, непахісная, пераследаваная
Завершыць цыкл 13 красавіка тэолаг Рэжыс Бюрнэ, які прадставіць вобраз Жанчыны з дванаццатага раздзела Апакаліпсіса – адважнай, непахіснай постаці, якая ахвяруе сябе і перамагае, прамянеючы ласкай Хрыста.
Пасля пажару 2019 года велікапосныя духоўныя сустрэчы праводзіліся ў касцёле святога Германа з Аксэра, але іх вяртанне ў гістарычны сабор мае для вернікаў асаблівае сімвалічнае значэнне.