Плошчы Святога Пятра падчас пандэміі Плошчы Святога Пятра падчас пандэміі  (ANSA)

Пяць гадоў ад COVID: як пандэмія змяніла жыццё Касцёла

Пяць гадоў таму пандэмія COVID-19 прымусіла закрыць храмы і прыпыніць набажэнствы. Гэты бяспрэцэдэнтны досвед паказаў, што Касцёл здольны дзейнічаць нават у самых экстрэмальных умовах, знаходзячы новыя шляхі служэння.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Праз пяць гадоў пасля пандэміі памяць вяртае амаль нерэальны вопыт. Мы добра памятаем тыя дні поўнага закрыцця, пустыя гарады, прымусовую ізаляцыю," - успамінае ксёндз Вінчэнца Гуастэла, дырэктар Службы моладзевага душпастырства дыяцэзіі Рагузы, у інтэрв'ю для “ACI Stampa”.

12 сакавіка 2025 года спаўняецца роўна пяць гадоў з таго моманту, калі Рымская дыяцэзія першай закрыла доступ да касцёлаў. Гэта было наступствам дэкрэта Канферэнцыі Біскупаў Італіі ад 8 сакавіка 2020 года, які прыпыняў "грамадзянскія і рэлігійныя цырымоніі, уключаючы пахавальныя" на ўсёй тэрыторыі Італіі да 3 красавіка 2020 года.

Пошук новых шляхоў служэння

"Колькасць заражэнняў расла, шпіталі напаўняліся, сябры і сваякі захворвалі, некаторыя, на жаль, не выжылі," - успамінае ксёндз Гуастэла.

У гэтыя складаныя часы Касцёл знайшоў новыя шляхі служэння. "Адным з самых значных досведаў, які я захоўваю ў сэрцы, была раздача прадуктовых пакетаў і тавараў першай неабходнасці тым, хто не мог забяспечыць сябе сам. Страх заражэння быў рэальны, але мы не спыніліся," - адзначае святар.

Час выпрабаванняў і малітвы

Незабыўнай застаецца і надзвычайная малітва Папы Францішка 27 сакавіка 2020 года на пустой Плошчы Святога Пятра. "Ужо некалькі тыдняў здаецца, што настаў вечар. Густая цемра апанавала нашы плошчы, вуліцы і гарады... Мы апынуліся напужанымі і разгубленымі. Як вучні з Евангелля, мы былі захоплены неспадзяванай і лютай бурай," - гэтыя словы Пантыфіка закранулі сэрцы мільёнаў людзей.

Папа тады нагадаў: "Гэта час не Твайго суда, але нашага ўласнага: час выбіраць, што важна, а што мінае, аддзяляць неабходнае ад непатрэбнага. Гэта час змяніць курс нашага жыцця ў напрамку да Цябе, Пане, і да іншых."

Гэтыя знакавыя словы і тыя незвычайныя дні засталіся важным урокам для Касцёла і вернікаў, спрыяючы пераасэнсаванню каштоўнасцей і прыярытэтаў у духоўным жыцці грамадства.
 

12 сакавіка 2025, 11:11