Крыжовы шлях у Іерусаліме: надзея і малітва за Папу
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
14 сакавіка 2025 года вуліцамі Іерусаліма прайшоў штогадовы Крыжовы шлях студэнтаў хрысціянскіх школ горада. Як паведамляе сайт Кустодыі Святой Зямлі, удзельнікі неслі каляровыя плакаты са словам "надзея" і выявай Пантыфіка, а таксама белыя шалікі з сімвалам Юбілею ў цэнтры чырвонага крыжа.
Мы ведаем, як моцна Папа нас любіць
"Мы ведаем, як моцна Папа нас любіць. Мы не забываем усе яго заклікі адносна Святой Зямлі, яго блізкасць, асабліва да дзяцей. Яны таксама добра гэта ведаюць. Таму яны захацелі зрабіць гэтыя малюнкі, каб паказаць Францішку сваю любоў у гэты цяжкі момант", - патлумачыў айцец Ібрагім Фальтас, адказны за школы Кустодыі.
Падчас Крыжовага шляху гучала слова "мір". Кустод Святой Зямлі, айцец Франчэска Патон, падкрэсліў: "Сёння мы жывём у свеце, дзе ідзе шмат, занадта шмат войнаў. Езус вучыць нас, што шчаслівыя тыя, хто працуе на карысць міру, лагодныя і міласэрныя, хто не адказвае на насілле насіллем; і што мы павінны мець сэрца, падобнае да Яго, настолькі вялікае, каб прабачыць нават тых, хто Яго забівае".
Інвеставаць у розум, сілу і энергію моладзі
У Крыжовым шляху ўдзельнічала дэлегацыя з італьянскага рэгіёна Умбрыя на чале з прэзідэнтам Стэфаніяй Праеці і рэктарам Універсітэта Перуджы Маўрыцыем Аліўера. "Мы тут, каб разам са школамі Святой Зямлі стварыць праект, які ўключае больш за 50 італьянскіх універсітэтаў, каб заснаваць стыпендыі для маладых людзей гэтай зямлі", - сказаў рэктар. - Мы хочам інвеставаць у іх розум, у іх сілу і энергію. Менавіта яны падораць нам лепшы свет".
Кустод Святой Зямлі заклікаў да аднаўлення паломніцтваў: "Мой заклік - вярнуцца да паломніцтваў, не баяцца: невялікія групы прыязджаюць, але важна, каб хрысціяне зноў пачалі рухацца, каб выказаць блізкасць вернікам Святой Зямлі і таксама аказаць эканамічную падтрымку".
Ён таксама заклікаў да салідарнасці, асабліва праз збор ахвяраванняў у Вялікую Пятніцу: "Калі падтрымка хрысціянскай супольнасці будзе адчувальнай, нам будзе лягчэй выконваць нашу місію".