Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensor)

Еўрапейскія біскупы будуць маліцца за мір на працягу Вялікага посту

Рада Біскупскіх Канферэнцый Еўропы апублікавала 5 сакавіка 2025 года заяву, у якой гаворыцца, што падчас усяго Вялікага посту будзе маліцца за справядлівы і трывалы мір. У ініцыятыве ўдзельнічаюць усе члены Рады.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Паведамляецца, што кожны ўдзельнік правядзе прынамсі адну святую Імшу ў інтэнцыі ахвяр вайны, каб прасіць Пана аб "справядлівым і трывалым міры, асабліва ва Украіне і Святой Зямлі".

Еўрапейскія біскупы лічаць, што Эўхарыстычны ланцуг закліканы стаць выразам еднасці і бачным знакам надзеі для ўсяго еўрапейскага кантынента.

Вялікі пост – гэта "час малітвы, посту і міласціны, каб лепш усведамляць, што мы ўсе браты і сёстры, і маліць Бога аб заканчэнні вайны", - гаворыцца ў заяве, якая завяршаецца заклікам маліцца таксама за здароўе Папы Францішка.

Рада Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE) была створана ў 1971 годзе. Першарпачаткова ў яе склад увайшлі старшыні 13 біскупскіх канферэнцый. Сёння Рада налічвае 39 членаў, якія прадстаўляюць Касцёлы 45 краін еўрапейскага кантынента. Рада займаецца пытаннямі новай евангелізацыі і падтрымлівае структуры Касцёла, якія ўдзельнічаюць у гэтай місіі. Разам з іншымі міжнароднымі і еўрапейскімі інстытутамі Рада Біскупскіх Канферэнцый Еўропы актыўна ўдзельнічае ў дыскусіях, якія тычацца сацыяльных і касцёльных пытанняў, спрыяючы павазе да правоў чалавека ў адпаведнасці з хрысціянскай перспектывай, якая прызнае годнасць кожнага чалавека, створанага па вобразу і падабенству Божаму.

06 сакавіка 2025, 12:07