Біскупы ЕС выказалі салідарнасць з Украінай
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“У той час, калі геапалітычная панарама застаецца нестабільнай і непрадказальнай, прэзідыум COMECE пацвярджае нязменную блізкасць і шчырую салідарнасць біскупаў ЕС з украінскім народам, які ўжо больш за тры гады пакутуе ад неапраўданага шырокамаштабнага ўварвання Расіі”, - гаворыцца ў дакуменце.
Біскупы запэўнілі ў малітве за тых, хто загінуў, быў паранены, вымушаны пакінуць свае дамы, а таксама за ўсіх, хто працягвае абараняць сваю Бацькаўшчыну.
Іерархі выказалі ўдзячнасць структурам ЕС за беспрэцэдэнтную гуманітарную, эканамічную, фінансавую і ваенную падтрымку Украіны і яе народа ў апошнія гады. “Барацьба Украіны за мір і абарону сваёй тэрытарыяльнай цэласнасці – гэта не толькі змаганне за ўласную будучыню. Яе вынік будзе мець вырашальнае значэнне для лёсу ўсяго еўрапейскага кантынента і ўсяго свабоднага і дэмакратычнага свету”, - адзначаецца ў заяве.
“Вайна ўвайшла ў новую фазу. Перад абліччам нарастаючых геапалітычных выклікаў і непрадказальнасці дзеянняў некаторых членаў міжнароднай супольнасці мы заклікаем Еўрапейскі саюз і яго дзяржавы-члены заставацца адзінымі ў сваёй прыхільнасці падтрымцы Украіны і яе народа”, - падкрэслілі каталіцкія біскупы ЕС.
У заяве нагадваецца, што ўварванне Расіі ва Украіну з’яўляецца “абуральным парушэннем міжнароднага права”. Падкрэсліваецца, што прымяненне сілы для змены нацыянальных межаў і злачынствы супраць мірнага насельніцтва не маюць апраўдання і патрабуюць устанаўлення справядлівасці і адказнасці.
Біскупы адзначылі, што справядлівы і трывалы мір ва Украіне можа быць дасягнуты толькі шляхам перамоў, у якіх павінна ўдзельнічаць краіна, што стала ахвярай агрэсіі – Украіна.
“Будучае мірнае пагадненне, каб быць устойлівым і справядлівым, павінна цалкам адпавядаць міжнароднаму праву і суправаджацца эфектыўнымі гарантыямі бяспекі, каб прадухіліць аднаўленне канфлікту. Яно павінна стварыць неабходныя ўмовы, каб украінскія сем’і маглі ўз’яднацца і жыць у годных умовах, у бяспецы і свабодзе ў сваёй суверэннай і незалежнай Айчыне”, - гаворыцца ў дакуменце.
Іерархі таксама адзначылі, што для аднаўлення ўкраінскай сацыяльнай структуры, умацавання грамадскай згуртаванасці і пачатку доўгатэрміновага шляху да прымірэння не менш важна, каб былі падтрыманыя і абаронены правы ўсіх супольнасцей, у тым ліку рускамоўнай меншасці.
Міжнародная супольнасць павінна працягваць аказваць Украіне дапамогу ў аднаўленні разбуранай інфраструктуры, а Расія, як агрэсар, павінна несці адпаведную адказнасць у гэтым працэсе, - гаворыцца ў заяве COMECE.
Біскупы заклікалі ЕС працягваць працэс пашырэння, у тым ліку ў адказ на імкненне Украіны далучыцца да Еўрапейскага саюза і на праведзеныя ёй унутраныя рэформы. Іерархі пажадалі, каб у сучасных умовах ЕС заставаўся верным свайму пакліканню быць абяцаннем міру і якарам стабільнасці для сваіх суседзяў і ўсяго свету.