Аўстрыйскі тэолаг: свет уратуе навяртанне чалавека
Ян Глінскі
Ксёндз Маціяс Бэк у інтэрв’ю для аўстрыйскага каталіцкага агенцтва Kathpress падсумаваў пасяджэнне і перыяд функцыянавання акадэміі падчас пантыфікату Папы Францішка. Аўстрыйскі філосаф і тэолаг, урач і фармацэўт ад 2013 года з’яўляецца членам акадэміі, заснаванай святым Янам Паўлам ІІ (1978-2005). Як ён адзначыў, Папа Францішак здзейсніў важнае персанальнае рашэнне, прызначыўшы на пасаду старшыні акадэміі арцыбіскупа Вінчэнца Палью. Дзякуючы гэтаму шэрагі навуковай рады папоўніліся вучонымі таксама некаталіцкага веравызнання.
Ксёндз Бэк, між іншым, указаў на прамежкавы крок, які з’явіўся ў дзейнасці акадэміі: паміж этапам збору вынікаў навуковых даследаванняў на канкрэтную тэму і этычнымі высновамі цяпер здзяйсняецца міждысцыплінарная ацэнка значнасці навуковых адкрыццяў. Па словах прафесара, гэты прамежкавы крок неабходны, “каб зразумець, што такое быццё – быццё свету і быццё чалавека”. “Свет не можа існаваць сам па сабе, – адзначыў ён. – Нам патрэбны нейкі Боскі дух, які падтрымлівае існаванне гэтага свету. У тэалогіі мы гэта называем creatio continua. Такім чынам ёсць два прынцыпы: з аднаго боку, законы прыроды, а з іншага – неабходнасць боскага Логасу”.
Галоўным пунктам асамблеі быў міждысцыплінарны дыялог на тэму “Што/Хто ўратуе свет?”. У кантэксце кліматычнага крызісу, па словах аўстрыйскага тэолага, неабходны навуковы аналіз таго, што адбываецца не так. Аднак вырашэнне праблемы будзе патрабаваць “навяртання чалавека”. “Хто/Што можа ўратаваць свет? Адна навука не можа гэтага зрабіць, – патлумачыў ксёндз Маціяс Бэк. – Нам патрэбны як вельмі грунтоўны навуковы аналіз, так і духоўнае вымярэнне: чалавек павінен вярнуцца да разважання пра сутнасць свайго існавання. І тады свет яшчэ можна выратаваць. Але без абодвух складнікаў гэта будзе складана”.
Да ўдзельнікаў кангрэсу скіраваў прывітальнае слова Папа Францішак, які працягвае лячэнне ў рымскім шпіталі “Джэмелі”. Пантыфік ахарактарызаваў сучасную сітуацыю ў свеце як “палікрызіс”, які вызначае “драматычны характар гістарычнай кан’юнктуры, якую мы зараз перажываем”. Яна сплятаецца з “войнаў, змены клімату, энергетычных праблем, эпідэмій, з’яваў міграцыі і тэхналагічных інавацый”. Узаемапранікненне такіх складаных пытанняў, якія адначасова закранаюць розныя вымярэнні жыцця, ставіць пад пытанне лёс свету і яго разуменне.
Папа рашуча выступіў супраць падпарадкавання пануючым у свеце “ўтылітарнай і неаліберальнай дэрэгуляцыі”. Па словах Пантыфіка, увядзенне закону мацнейшага як адзінага правіла вядзе да дэгуманізацыі.