У ЗША распачалася кантынентальная тэалагічная дыскусія
Ян Глінскі
Высокапастаўленыя прадстаўнікі Касцёла сабраліся разам па запрашэнні экуменічнай ініцыятывы Ecclesia in America Network.
Тэолагі з Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі распачалі дыялог на супольныя для ўсяго кантынента тэмы, такія як міграцыя, экуменічнае і міжрэлігійнае супрацоўніцтва, новыя тэалагічныя перспектывы.
На думку арганізатараў, канферэнцыя ва ўніверсітэце Сан-Дыега стала пачаткам “кантынентальнай тэалагічнай дыскусіі” на тэму выклікаў і перспектыў Касцёла ў Амерыцы. Тое, што ўвесь рэгіён трэба разглядаць як адзін кантынент, адпавядае думцы Апостальскай Сталіцы. Папа Францішак, як было падкрэслена, таксама жадае больш інтэнсіўнага абмену думкамі паміж тэолагамі з усяго кантынента.
У ходзе пасяджэння сястра Глорыя Ліліяна Франка Эчэвэры, старшыня Лацінаамерыканскай канфедэрацыі законніц (CLAR), звярнула ўвагу на неабходнасць вывучэння існуючых структур, якія прыніжаюць чалавечую годнасць. Калумбійская законніца раскрытыкавала выкарыстанне ўлады для стыгматызацыі і выключэння, а таксама заклікала да большага тэалагічнага ўзаемадзеяння з беднымі і абяздоленымі.
Кардынал Леанарда Ульрых Штайнер, арцыбіскуп бразільскага Манаўса, падкрэсліў значэнне сінадальнасці для місійнай тоеснасці Касцёла. Па яго словах, сінадальны рух – гэта працяглы працэс, які заклікае Касцёл да спрыяння дыялогу.
Кардынал Майкл Чэрны, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, звярнуў увагу на цяжкае становішча мігрантаў у ЗША. Канадзец, які нарадзіўся ў чэшскім Брно, між іншым, раскрытыкаваў спробы крыміналізаваць гуманітарную дапамогу мігрантам і заклікаў Касцёл працягваць сваю місію дапамогі.
Сакратар Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі Эмільсэ Куда, у сваю чаргу, выказала перакананне, што шлях наперад заснаваны на дыялогу, які вядзе да інклюзіўных палітычных дзеянняў і забяспечвае паляпшэнне сацыяльных умоў для ўсіх.