Касцёл Аўстрыі асвойвае інавацыйныя метады развіцця
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Тэолаг Георг Планк прадставіў новую адукацыйную праграму Мастацтва інавацый, якая дапаможа кіраўнікам і спецыялістам касцельных арганізацый эфектыўна ўкараняць інавацыйныя метады ў сваёй дзейнасці. Як паведамляе Kathpress, курс будзе праходзіць у два этапы: з 8 па 12 верасня 2025 года і з 15 па 17 красавіка 2026 года ў Цэнтры паклікання WAVE у рэгіёне Вахау.
"Інавацыі – гэта не проста тэхнічная справа, а сапраўднае мастацтва, працэс, які спалучае крэатыўнасць, стратэгію і духоўную рэфлексію", - падкрэслівае Планк. На яго думку, хоць некаторыя касцельныя арганізацыі, такія як Caritas і ўстановы аховы здароўя, паспяхова выкарыстоўваюць інавацыйныя падыходы, іншыя сферы, асабліва абвяшчэнне веры і сакрамэнтальная душпастырская праца, патрабуюць істотнага абнаўлення.
Праграма курса прадугледжвае як тэарэтычную падрыхтоўку ў галіне інавацыйных даследаванняў і арганізацыйнага развіцця, так і практычную частку. Удзельнікі павінны будуць самастойна распрацаваць і рэалізаваць уласны праект, атрымліваючы пры гэтым індывідуальную падтрымку. Кошт навучання складае 2280 еўра, уключаючы навучальныя матэрыялы і сертыфікат.