Кіеўскі біскуп: мір ва Украіне важны для ўсяго свету
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Біскуп Язлавецкі прызнаўся, што ў гэтыя дні ён адчувае ўдзячнасць Богу за тое, што “нягледзячы на тры гады ўварвання з боку самай вялікай краіны ў свеце”, Украіна ўсё яшчэ існуе як нацыя, існуюць яе мова і культура. Многія хрысціяне моляцца за нас. Святы Айцец моліцца за нас, і мы бачым, што Бог чуе гэтыя малітвы і прыходзіць нам на дапамогу”, - дадаў ён у размове з журналісткай Святланай Духовіч.
Іерарх адзначыў, што разам з удзячнасцю Богу ён мае таксама пачуццё вялікай несправядлівасці, а часам і адчаю з прычыны пастаянных налётаў расійскай авіяцыі. Ён расказаў, што беспілотнікі кожную ноч нападаюць на ўкраінскія гарады. Многія людзі баяцца, у першую чаргу за сваіх дзяцей, якіх будзяць уначы і спрабуюць схаваць у найбольш бяспечных памяшканнях сваіх кватэр.
Біскуп заўважыў, што Украіна не з’яўляецца агрэсарам у гэтай вайне, але нясе велізарныя страты. Ён нагадаў словы, агучаныя некалькі дзён таму прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім: 46 тысяч украінскіх вайскоўцаў загінулі, больш за 300 тысяч атрымалі раненні, дзясяткі тысяч зніклі без вестак або ўтрымліваюцца ў турмах Расіі. Нават сярод мірнага насельніцтва налічваецца амаль 10 тысяч загінулых і 18 тысяч параненых.
“Мы таксама не можам падлічыць колькасць мірных жыхароў, забітых на акупаваных тэрыторыях, напрыклад, у Марыупалі. Расія выкрала і дэпартавала 19 500 дзяцей. З пачатку вайны 600 украінскіх дзяцей загінулі, а 1600 атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці”, - канстатаваў дапаможны біскуп Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі.
Іерарх адзначыў, што біскупы заклікалі ўкраінцаў прысвяціць 24 лютага посту і малітве аб навяртанні грэшнікаў і доўгачаканым міры, а хворых – ахвяраваць свае пакуты за Украіну, яднаючы іх з пакутамі Хрыста.
Біскуп Язлавецкі, як старшыня ўкраінскага Caritas-Spes, кіруе 54 цэнтрамі дапамогі па ўсёй краіне, праз якія распаўсюджваюцца прадукты харчавання, рэчы першай неабходнасці і сродкі гігіены, аказваецца псіхалагічная дапамога насельніцтву. Іерарх расказаў, што каталіцкая дабрачынная арганізацыя дапамагае людзям з набыццём лекаў, арганізуе адпачынак для дзяцей, клапоціцца пра дзяцей вайскоўцаў, якія знаходзяцца на фронце, аказвае дапамогу ў аднаўленні разбураных дамоў.
Па словах іерарха, украінскі Caritas-Spes супрацоўнічае з больш чым 100 міжнароднымі партнёрамі, і ад пачатку вайны на ўсе праекты было атрымана каля 45 мільёнаў еўра. Ён адзначыў, што ў параўнанні з папярэднімі гадамі аб’ём дапамогі паступова скарачаецца. У 2022 годзе было атрымана 8 мільёнаў еўра, у 2023 годзе – 15 мільёнаў, у 2024 годзе – амаль 17 мільёнаў. Сёлета плануецца рэалізаваць праекты на суму каля 6 мільёнаў еўра. “Але мы заўсёды ўдзячныя за дапамогу, якая прыходзіць”, - падкрэсліў пастыр.
Біскуп Язлавецкі перакананы, што ва Украіне ідзе не звычайная вайна, а адбываецца “чарговая спроба д’ябла развязаць Трэцюю сусветную вайну”. “Вайна заўсёды нясе смерць, боль, пакуты, нянавісць, несправядлівасць і шмат граху. Д’ябал спадзяецца на багаты ўраджай”, – сказаў ён, дадаючы, што “толькі людзі малітвы могуць спыніць гэту вайну”.
“Таму мой заклік, асабліва цяпер, калі так шмат гавораць пра мір і зроблены першыя крокі для яго ўсталявання, – узмацніць нашу малітву, бо гаворка ідзе не толькі пра мір ва Украіне, але і пра мір ва ўсіх краінах Еўропы і ва ўсім свеце”, – падкрэсліў дапаможны біскуп Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі.