Ад цыфравых да аналагавых: ініцыятывы Касцёла на Вялікі пост
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Вялікі пост – гэты асаблівы перыяд у літургічным годзе Касцёла – набліжаецца, і дыяцэзіі Аўстрыі прапануюць вернікам шматлікія магчымасці для паглыблення сваёй веры і служэння бліжнім.
Як паведамляе агенцтва "Kathpress", ініцыятывы ахопліваюць як лічбавы, так і традыцыйны фармат, спалучаючы евангелізацыйныя намаганні з практычнай дапамогай патрабуючым і клопатам пра стварэнне.
Зрабіць глыбокі ўдых
Біблійнае таварыства дыяцэзіі Лінц прапануе ініцыятыву пад назвай "Aufatmen" ("Зрабіць глыбокі ўдых"), якая прадугледжвае рассылку электронных лістоў з "імпульсамі для малітоўнага роздуму". На працягу Вялікага посту ўдзельнікі атрымліваюць два лісты штотыдзень – адзін у будзённы дзень і адзін у нядзелю. Кожны ліст змяшчае біблійны верш з літургічных чытанняў тыдня. Ён суправаджаецца адпаведным малюнкам і актуальным каментарыем, які дапамагае асэнсаваць Божае Слова ў кантэксце сучаснага жыцця. Гэтая духоўная практыка пачынаецца ў Папяльцовую сераду і завяршаецца ў Велікодны панядзелак.
Казаць 'так' на працягу сямі тыдняў
Яшчэ адна ініцыятыва для сем'яў і сужэнскіх пар носіць назву "7 Wochen JA sagen" ("Казаць 'так' на працягу сямі тыдняў"). Яна арганізавана Рабочай групай каталіцкай сямейнай фармацыі з нямецкага Бона ў супрацоўніцтве з аўстрыйскай арганізацыяй "beziehungleben.at" ("Жыццё ў адносінах").
"У цэнтры ўвагі знаходзіцца не адмаўленне, а набліжэнне да нашых бліжніх – павелічэнне часу, які мы праводзім з мужам ці жонкай, сям'ёй, прыняцце іх такімі, якія яны ёсць, з усімі асаблівасцямі, паўсядзённымі клопатамі, канфліктамі, шчодрасцю і праявамі любові", - гаворыцца ў паведамленні дыяцэзіі Лінц.
Дзверы твайго бліжняга – твае Святыя дзверы
У кантэксце Святога 2025 года, які абвясціў Папа Францішак, Каталіцкі Касцёл у аўстрыйскай федэральнай зямлі Карынтыя распачаў асаблівую дыяцэзіяльную праграму “Дзверы твайго бліжняга – твае Святыя дзверы". Гэта ініцыятыва сімвалічна пераносіць Святыя дзверы – традыцыйны знак Юбілейнага года – у паўсядзённае жыццё вернікаў.
"У Святы год мы імкнёмся перанесці сімволіку Святых дзвярэй у нашы суседскія адносіны", - патлумачыла Элізабет Шнэйдэр-Брандаўэр, дырэктар душпастырскага аддзела дыяцэзіі Гурк, у афіцыйным паведамленні. Установы дыяцэзіі, духавенства, супрацоўнікі і валанцёры заахвочваюцца наведваць людзей у сваім суседстве падчас Вялікага посту і прыносіць ім благаслаўленне. Для гэтай мэты ў касцёльнай краме "Mein Kirchenshop" ("Мая касцёльная крама") даступныя бясплатныя паштоўкі з малітвамі благаслаўлення.
Адказнасць за Божае стварэнне
У дзясятую гадавіну выхаду энцыклікі Папы Францішка "Laudato si'" шэраг дыяцэзій зрабіў акцэнт на абароне стварэння і экалагічным навяртанні. Велікапосны каляндар 2025 года, падрыхтаваны Місіянерамі Божага Слова, прапануе штодзённыя разважанні на тэму "Узрастаць з Богам".
"Нашы місіянеры ў Тога, як і ў многіх іншых краінах, працуюць у духу папскай энцыклікі "Laudato si'", імкнучыся захаваць прыгажосць Божага стварэння", - падкрэсліў айцец Стэфан Дэлер, дырэктар місіянерскай пракуратуры святога Габрыэля.
Сродкі, атрыманыя ад распаўсюджвання календара, будуць накіраваны на фінансаванне праекта па пасадцы дрэў, які рэалізуюць Місіянеры Божага Слова ў Тога (Заходняя Афрыка). У васьмі парафіях ужо распачалася маштабная акцыя па пасадцы 10 тысяч дрэў у наваколлі мясцовых вёсак.
"Місіянеры забяспечваюць набыццё саджанцаў каштоўных парод дрэў, у тым ліку магоніі, кеш'ю, акацыі і эўкаліпта. Мясцовыя жыхары саджаюць маладыя дрэвы і даглядаюць іх", - паведамляюць арганізатары.
Гэты праект мае вялікае значэнне для рэгіёна, дзе лясы імкліва скарачаюцца з прычыны лясных пажараў, традыцыйнага падсечна-агнявога земляробства і высокай залежнасці насельніцтва ад драўнянага вугалю. Такім чынам, Місіянеры Божага Слова спрыяюць як экалагічнаму, так і сацыяльнаму развіццю мясцовай супольнасці.
Натхненне для аскезы
У Вене, у Кальварыенбергскім касцёле (Kalvarienbergkirche) 6, 13 і 27 сакавіка 2025 года ў 19.00 пройдуць сустрэчы пад агульнай назвай "Натхненне для аскезы" ("Inspirationen zum Verzicht"). На іх прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці засяродзяцца на біблійных тэкстах, якія заахвочваюць да пераасэнсавання спажывецкага ладу жыцця і клопату пра супольны дом.
Фармацэўт і даследчыца Верэна Піхлер, эксперт па праблеме мікрапластыку, прысвеціць сваё разважанне тэме "Матэрыялы, якія ніколі не знікаюць" і іх уплыву на чалавечае здароўе. Эканаміст Фрэд Лукс разгледзіць хрысціянскія мадэлі жыцця ў часы экалагічнага крызісу, а актывістка Катарына Розенхофес закране пытанне, чаму, нягледзячы на відавочны кліматычны крызіс і наяўнасць рашэнняў, так мала робіцца для абароны планеты.
Усе гэтыя ініцыятывы сведчаць пра тое, што Вялікі пост у разуменні Касцёла – гэта не проста час адмаўлення ад нечага, але перыяд актыўнага духоўнага росту, паглыблення веры і канкрэтнай дзейнасці на карысць бліжніх і ўсяго Божага стварэння.