Падчас хросту (ілюстрацыйнае фота) Падчас хросту (ілюстрацыйнае фота) 

Канада: у Квебеку расце колькасць катэхумэнаў

У каталіцкіх дыяцэзіях секулярызаванага Квебека назіраецца нечаканы рост колькасці катэхумэнаў. Гэтая з’ява назіраецца ў апошнія гады і ў значнай ступені звязана з міграцыяй.

Ян Глінскі

Як адзначаецца ў французскім выданні La Croix, у 2022 годзе ў архідыяцэзіі Квебека было каля 10 катэхумэнаў, у 2024 годзе – 39, а сёлета да прыняцца сакрамэнту хросту рыхтуюцца 80 чалавек. Адным з галоўных фактараў, які паўплываў на гэтую дынаміку, з’яўляецца павелічэнне колькасці мігрантаў. У 2022 годзе правінцыя Квебека прыняла рэкордную колькасць мігрантаў – амаль 70 тысяч чалавек.

Прафесар Жыль Руцье з тэалагічнага факультэта Універсітэта Лаваля ў Квебеку ўказаў на заканамернасць згаданай з’явы ў сувязі са зніжэннем колькасці ахрышчаных у дзяцінстве: “Калі ўсё менш хрысцяць дзяцей, то расце лічба патэнцыйных дарослых кандыдатаў”. Для параўнання, у 2019 годзе ў архідыяцэзіі было ахрышчана 4400 дзяцей і моладзі ва ўзросце да 17 гадоў, а ў 2023 годзе толькі 2320 чалавек.

Як адзначаецца ў французскім выданні, павелічэнне колькасці дарослых катэхумэнаў пакуль не адбіваецца на павелічэнні колькасці практыкуючых веруючых.

На думку прафесара Руцье, згаданая з’ява не палепшыць сітуацыю рэлігіі ў секулярызаваным Квебеку, аднак яна з’яўляецца важным знакам. “Адбываецца штосьці нечаканае. Лічылася, што тэма рэлігіі ў Квебеку закрытая, аднак гэта не так”, - дадаў ён.

28 лютага 2025, 10:11