Айцец Артура Соза (у цэнтры), генеральны настаяцель Ордэна езуітаў Айцец Артура Соза (у цэнтры), генеральны настаяцель Ордэна езуітаў 

Генерал езуітаў склікае сусветную сустрэчу ордэна ў Рыме

Сустрэча вышэйшых настаяцеляў Таварыства Езуса адбудзецца 17-26 кастрычніка 2025 года ў Рыме. На парадку дня – абмеркаванне місіі, выпадкаў злоўжыванняў і ролі жанчын.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Генерал езуітаў, айцец Артура Соза, накіраваў ліст да ўсіх вышэйшых настаяцеляў ордэна, у якім паведаміў пра скліканне трэцяй у гісторыі сусветнай сустрэчы кіраўніцтва Таварыства Езуса. Папярэднія адбыліся ў 2000 і 2005 гадах.

"Гэта важны крок у працэсе распазнавання місіі Таварыства Езуса", - адзначыў у лісце ад 16 студзеня 2025 года айцец Соза, падкрэсліваючы неабходнасць "адважнага адказу на знакі, праз якія Дух Святы вядзе нас да найлепшага служэння місіі".

Сярод ключавых тэм сустрэчы – перагляд Статутаў аб манаскай беднасці і Інструкцый па адміністраванні і фінансах. Асаблівая ўвага будзе нададзена пытанню злоўжыванняў, якія мелі месца ў розных кантэкстах дзейнасці Ордэна.

Адным з самых складаных выпадкаў апошніх гадоў стала справа славенскага святара Марка Рупніка, выключанага з Таварыства ў чэрвені 2023 года. Таксама шырокі розгалас атрымалі справы айца Альфонса Педрахаса з Балівіі і чылійскага святара Феліпэ Берыёса.

У красавіку 2024 года езуіт Хуліа Фернандэс Тэчэра выказаў крытычную ацэнку стану Таварыства Езуса. Такую ж пазіцыю раней займаў і памерлы кардынал Джордж Пэл, які прапаноўваў правесці апостальскую візітацыю Ордэна.

На сустрэчы таксама плануецца абмеркаваць ролю жанчын у апостальстве Таварыства, пытанні братоў-езуітаў, адукацыі, экалогіі і духоўных практык.
 

04 лютага 2025, 11:09