Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Foto di Afif Amireh)

Рым: тры храмы аб'яднаюцца ў малітве за еднасць хрысціян

Рымская дыяцэзія арганізуе вандроўнае чуванне ў лютэранскім, праваслаўным і каталіцкім храмах у межах Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян, які пройдзе з 18 па 25 студзеня 2025 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У год 1700-годдзя Нікейскага Сабора экуменічныя малітвы набываюць асаблівае значэнне. Кульмінацыяй Тыдня стануць нешпары пад старшынствам Папы Францішка ў базіліцы святога Паўла па-за Мурамі.

"У наш час падзелы, канфлікты і забойствы нявінных сталі выклікам для ўсіх хрысціян", - падкрэсліў кіраўнік Бюро экуменізму і міжрэлігійнага дыялогу Рымскай дыяцэзіі, ксёндз Марка Гнаві.

Тэма сёлетняга Тыдня малітваў – словы Езуса да Марты: "Ці верыш у гэта?" (Ян 11, 26). Тэксты малітваў і разважанняў падрыхтавалі браты і сёстры з Супольнасці Бозэ ў Паўночнай Італіі па даручэнні Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству і Сусветнай рады Цэркваў.

Вандроўнае чуванне пачнецца 23 студзеня 2025 года ў 18.00 у лютэранскім храме, працягнецца ў праваслаўнай царкве святога Андрэя і завершыцца ў каталіцкай парафіі святога Каміла дэ Леліс. У кожным месцы адбудуцца біблійныя разважанні, якія правядуць прадстаўнікі розных канфесій: пастар Мірэла Манокіа, святар Сімяон Кацынас і біскуп Паола Рычардзі. Удзельнікі атрымаюць лампады як сімвал святла і надзеі.

Завяршальным акцэнтам Тыдня стануць экуменічныя нешпары 25 студзеня 2025 года, ва ўрачыстасць Навяртання святога Паўла, у базіліцы святога Паўла па-за Мурамі пад старшынствам Папы Францішка.
 

16 студзеня 2025, 09:26