Пошук

Пашкоджаны ўдарам расійскага дрона аўтамабіль айца Ігара Макара Пашкоджаны ўдарам расійскага дрона аўтамабіль айца Ігара Макара  (Amministrazione della città di Kherson)

Украіна: раненні атрымаў кіраўнік Caritas у Херсоне

6 студзеня 2025 года пад Херсонам ва Украіне ад выбуху расійскага дрона пацярпеў грэка-каталіцкі святар, айцец Ігар Макар, які з’яўляецца дырэктарам мясцовага Caritas.

Ян Глінскі

Здарэнне адбылося недалёка ад Зялёнаўкі пад Херсонам. Святар накіроўваўся ў адну з парафій, дзе нясе служэнне. Яго суправаджалі навучэнцы Драгобыцкай духоўнай семінарыі, з якіх ніхто не пацярпеў. Ад выбуху дрона грэка-каталіцкі душпастыр быў паранены ў нагу шматлікімі аскепкамі; у машыне разбіты шыбы, прабіты колы і дзверы.

“Мы ехалі за адным з нашых парафіянаў. Я заўважыў у небе дрон. З-за марозу дарога была вельмі слізкая: мы не маглі ні спыніцца, ні развярнуцца... Я зразумеў, што дрон, верагодна, сочыць за намі”, - распавёў святар.

“Жыць тут сапраўды небяспечна, але маё пакліканне як святара – быць побач з людзьмі, якія хочуць тут застацца”, - падзяліўся душпастыр.

Айцец Ігар Макар служыць у Херсонскай вобласці з 2005 года. Яго першая парафія была ў Антонаўцы, там, дзе пачынаўся Антонаўскі мост – стратэгічны пункт, што злучае два берагі Дняпра, дзе цяпер праходзіць лінія размежавання. Там да пачатку ўварвання святар жыў з жонкай і чатырма дзецьмі.

Падчас расійскай акупацыі Херсона, якая працягвалася да 11 лістапада 2022 года, айцец Макар знаходзіўся з сям’ёй у Цярнопалі на захадзе Украіны. Адтуль ён дапамагаў парафіянам і патрабуючым, якія засталіся на занятых расійскімі войскамі тэрыторыях, дасылаючы лекі і прадукты.
 

10 студзеня 2025, 09:02