Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
Іерархі архідыяцэзіі як пілігрымы надзеі наведалі Магілёў. 12 студзеня 2025 года духоўную вандроўку ў юбілейную святыню, катэдру Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, здзейснілі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі, часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі ксёндз Кшыштаф Сэрока.
У прывітальным слове арцыпастыр прызнаўся, што прычынай наведвання іерархамі Магілёва стала тое, што яны "ўбачылі зорку на Усходзе", якой з’яўляецца супольнасць католікаў Магілёўшчыны. На заканчэнне ватыканскі дыпламат запэўніў у духоўнай блізкасці да беларускіх католікаў Папы Францішка і заахвоціў спадзявацца на хуткае прызначэнне новага Апостальскага нунцыя ў Беларусі.
Семінарысты наведалі грэка-каталіцкую супольнасць у Гродне. 12 студзеня 2025 года студэнты прапедэўтычнага курса Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі са сваім мадэратарам ксяндзом Паўлам Скубам здзейснілі візіт да братоў грэка-каталіцкага абраду. Айцец Андрэй Крот запрасіў гасцей да ўдзелу ў літургіі. Студэнты даведаліся, з якіх частак складаецца Эўхарыстычная літургія паводле чыну святога Яна Залатавуснага, пазнаёміліся з традыцыямі гэтага абраду.
Адбылася першая сустрэча рады душпастырства цвярозасці Віцебскай дыяцэзіі. 14 студзеня 2025 года ў Глыбокім прайшла арганізацыйная сустрэча біскупа Алега Буткевіча, супрацоўнікаў рэабілітацыйнага цэнтра Светач і святароў, адказных за справы цвярозасці ў дыяцэзіі. Прысутныя падзяліліся думкамі, прапановамі і вопытам працы і выздараўлення, і сцвердзілі, што алкаголік – гэта пацвярджэнне хваробы, а не прысуд ці прыніжэнне, таму галоўная заданне – паказаць залежнаму чалавеку, што існуе магчымасць выйсці з гэтай праблемы.
У мінскай архікатэдры ўпершыню за доўгі час адбылося ўстанаўленне лектараў. 12 студзеня 2025 года на святой Імшы ў касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі чатырнаццаць міністрантаў атрымалі благаслаўленне на паслугу лектараў. Устанаўленне лектараў сведчыць пра важнасць Божага слова ў літургіі і ў штодзённым хрысціянскім жыцці.
У Гродне прайшла сустрэча моладзі ўсіх мясцовых парафій. 11 студзеня 2025 года ў касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі адбылася аплаткавая сустрэча для моладзі. Вернікі са сваімі душпастырамі дзякавалі Пану за атрыманыя ласкі. Адарацыя стала для ўдзельнікаў магчымасцю даручыць Богу новы год і папрасіць суправаджаць іх на яго працягу. Галоўным пунктам праграмы сустрэчы была святая Імша, якую ўзначаліў душпастыр моладзі дыяцэзіі ксёндз Антоні Грэмза.
Кармэліты босыя з розных месцаў Беларусі здзейснілі пілігрымку ў Гудагай. 13 студзеня 2025 года санктуарый Маці Божай Шкаплернай браты кармэліты наведалі як юбілейную святыню. Таксама пілігрымы памаліліся за айца кармэліта Аркадзя Куляху – пробашча гудагайскай парафіі і кусташа санктуарыя, які нядаўна святкаваў імяніны. У санктуарыі кармэліты ўдзельнічалі ў святой Імшы, якую ўзначаліў кусташ.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.