Пошук

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Адкрыццё юбілейных святынь, пасвячэнне касцёла, калядны конкурс – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Юбілейную святыню ў Будславе адкрыў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У ноч з 31 снежня на 1 студзеня 2025 года ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай ўзначаліў адмысловы абрад і цэлебрацыю святой Імшы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Напярэдадні ў конкатэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Магілёве ўрачысты абрад адкрыцця юбілейнай святыні ўзначаліў Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі.

Біскуп Гродзенскі адкрыў дыяцэзіяльныя святкаванні Юбілейнага года. 29 снежня 2024 года ў гродзенскай катэдры абрад і цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў біскуп Уладзімір Гуляй. Разам з ардынарыем на літургіі маліўся біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч. У той жа дзень у парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе ўрачыстай Імшой адкрыўся Юбілейны год. Літургію ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

У Брэсце адбылося пасвячэнне новапабудаванага касцёла. 28 снежня 2024 года ў мікрараёне Рэчыца пасвяцілі касцёл Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса. Цэлебрацыю святой Імшы з абрадамі пасвячэння ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Разам з ім у цэлебрацыі ўдзельнічалі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, прадстаўнікі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Пасля святой Імшы іерархі падзяліліся аплаткамі з прысутнымі вернікамі.

150-годдзе Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта адзначылі з удзелам біскупаў у Гродне. 28 снежня 2024 года святкаванне ў катэдры распачалося прэзентацыяй супольнасці назарэтанак. Сёстры азнаёмілі прысутных з гісторыяй кангрэгацыі. Пасля адбылася святая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. Літургію канцэлебравалі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч і прэзбітэры.

Юбілейны конкурс каляднай песні прайшоў у Мёрах. 3 студзеня ўжо 20 раз мёрскі дом культуры збіраў гасцей з розных куткоў Віцебскай дыяцэзіі на конкурс Зорка Бэтлеема. Прысутных прывітаў і благаславіў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Журы вызначыла пераможцаў у трох узроставых катэгорыях па намінацыях: сола, гурт, інструментальная творчасць. Лепшымі прызналі выступоўцаў з Глыбокага, Наваполацка і Мёраў.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

04 студзеня 2025, 10:54