Папскі біёграф: Францішак часта застаецца незразуметым
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Біёграф Францішка падзяліўся сваімі разважаннямі пра новую кнігу Пантыфіка Spera (Май надзею) у інтэрв'ю нямецкаму парталу katholisch.de. Айверэй, які напісаў некалькі кніг пра Пантыфіка, у тым ліку Вялікі рэфарматар: Біяграфія Францішка, радыкальнага Папы (The Great Reformer: Francis and the Making of a Radical Pope) і Паранены Пастыр: Папа Францішак і яго барацьба за навяртанне Каталіцкага Касцёла (Wounded Shepherd: Pope Francis and His Struggle to Convert the Catholic Church), прапануе глыбокі аналіз новай аўтабіяграфіі Святога Айца.
"Папа ніколі не атакуе людзей. Ён толькі перасцерагае ад спакусаў і перашкод у духоўным жыцці", - падкрэслівае Айверэй. Паводле біёграфа, Францішак звяртаецца да феномена традыцыяналізму і тлумачыць прычыны рэгулявання выкарыстання дасаборнага імшала: "нездарова, калі літургія становіцца ідэалогіяй".
Святы Айцец заўважае нявырашаныя псіхалагічныя праблемы, якія хаваюцца за фетышызмам літургічнага адзення і жорсткім маралізмам некаторых маладых семінарыстаў. "Аднак я не думаю, што ён асуджае традыцыяналізм; ён таксама вельмі цвёрда выступае супраць таго, што зыходзіць ад прагрэсістаў, прыводзячы ў якасці прыклада тэорыю гендару", - дадае Айверэй.
Новая кніга Папы, па словах біёграфа, з'яўляецца працягам серыі кніг, якія ён пачаў пісаць у супрацоўніцтве з рознымі аўтарамі з 2020 года. "Гэта дазваляе Францішку камунікаваць з шырокай і, магчыма, новай аўдыторыяй, выкарыстоўваючы фармат, які знаходзіцца недзе паміж больш фармальнай ватыканскай камунікацыяй і часта павярхоўным навінавым інтэрв'ю", - тлумачыць ватыканіст.
"Францішак часта застаецца незразуметым, таму што яго рашэнні грунтуюцца на меркаванні, якое павінна ўлічваць шмат фактараў. Ён павінен быць адважным і прарочым, але адначасова заставацца верным традыцыі і трымаць сваю паству разам, і нарэшце быць адкрытым да дзеяння Духа Святога ", - адзначае Айверэй.
Аўтар заахвочвае да чытання новай папскай біяграфіі, падкрэсліваючы, што кніга "паказвае Францішка ў яго найбольш рэфлексіўны момант, калі ён азіраецца на сваё незвычайнае жыццё". Кніга раскрывае не толькі асабістыя ўспаміны Папы, але і яго погляды на актуальныя пытанні Касцёла і грамадства.