Пошук

Джон Драмані Махама падчас прэзідэнцкай прысягі (Акра, 7 студзеня 2025 года) Джон Драмані Махама падчас прэзідэнцкай прысягі (Акра, 7 студзеня 2025 года)  (FRANCIS KOKOROKO)

Гана: праект нацыянальнай катэдры назвалі “марнатраўным”

З прычыны эканамічнага крызісу пад пытаннем апынулася паўстанне міжканфесійнай нацыянальнай катэдры ў Рэспубліцы Гана. Кошт будаўніцтва святыні ў сталіцы краіны на дадзены момант ацэньваецца ў 400 мільёнаў долараў.

Ян Глінскі

Як паведамляе брытанская тэлерадыёкампанія BBC, прэзідэнт Джон Драмані Махама заявіў, што ў цяперашняй сітуацыі такі праект не мае сэнсу.

7 студзеня 2025 года Махама склаў прэзідэнцкую прысягу, а падчас набажэнства паведаміў, што пры неабходнасці для святыні можна знайсці іншае месца замест горада Акра. Міністр фінансаў Касіэль Ато Баах Форсан, у сваю чаргу, назваў праект “марнатраўным” і заявіў, што дзяржаўныя сродкі больш выдзяляцца не будуць.

Ідэя пабудаваць нацыянальную святыню належала папярэдняму прэзідэнту Ганы. Нана Акуфа-Ада абвясціў пра гэты намер неўзабаве пасля свайго абрання ў 2017 годзе. “Як глыбока рэлігійнай нацыі катэдра дасць нам гістарычную магчымасць паставіць Бога ў цэнтр нашых нацыянальных спраў”, – адзначыў ён тады. На тэрыторыі плошчай 5,6 гектара планавалася пабудаваць святыню, у якой маглі б змясціцца пяць тысяч чалавек, парк і біблейскі музей.

З прычыны эканамічнага крызісу праект усё больш крытыкуюць. Інфляцыя перавышае 22 працэнты, а беспрацоўе сярод моладзі ацэньваецца ў 15-19 працэнтаў. Назіраецца заняпад у сельскай гаспадарцы з-за павелічэння страты сельскагаспадарчых зямель. У 2024 годзе Міжнародны валютны фонд зацвердзіў выратавальны пакет у тры мільярды долараў.
 

17 студзеня 2025, 10:14