Пошук

Святы Францішка Асізскі на фрэсцы Джота Святы Францішка Асізскі на фрэсцы Джота 

Асізі: святкаванне 800-годдзя Гімна брату Сонцу

11 студзеня 2025 года ў італьянскім горадзе Асізі распачнецца святкаванне 800-годдзя “Гімна брату Сонцу” або “Гімна Стварэння” – паэтычнага твору, напісанага святым Францішкам у 1225 годзе.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Юбілейныя ўрачыстасці пачнуцца ў санктуарыі святога Даміяна, дзе была напісана большая частка твору. Затым яны перанясуцца ў санктуарый Агалення святога Францішка. У гэтых месцах пройдзе Літургія слова, а таксама будуць зачытаны ўрыўкі з Compilatio assisiensis, сярэднявечнай біяграфіі святога, датычныя стварэння гімна. На заканчэнне адбудзецца малітва пры магіле Асізскага Бедняка ў крыпце базылікі, якая носіць яго імя.

Гімн брату Сонцу быў напісаны Францішкам праз некалькі месяцаў пасля атрымання стыгматаў на гары Ла-Верна. Яго значная частка была створана вясной 1225 года, калі знясілены хваробай і пакутамі святы вырашыў правесці некалькі месяцаў у кляштары святога Даміяна, дзе жыла святая Кьяра і яе першыя паслядоўніцы.

Нягледзячы на моцныя фізічныя цярпенні, у сваім творы Францішак Асізскі ўзносіў падзяку Богу за ўсе Яго стварэнні, называючы сонца, месяц, агонь, ваду і нават смерць сваімі братамі і сёстрамі. Ён напісаў таксама мелодыю, якая, на жаль, не захавалася.

У той час, калі хрысціянскія гімны ствараліся пераважна на лацінскай мове, твор Францішка быў напісаны на простанароднай, а дакладней на ўмбрыйскім дыялекце італьянскай мовы. Шырока распаўсюджана меркаванне, што ён з’яўляецца першым паэтычным творам, напісаным па-італьянску, аўтарства якога вядома.

У 2015 годзе Папа Францішак выдаў энцыкліку, прысвечаную экалагічным праблемам, якая атрымала назву ад першых слоў Гімна брату СонцуLaudato si’ (Будзь праслаўлёны). А ў снежні 2024 года Дыкастэрыя па культуры і адукацыі правяла міжнародную паэтычную сустрэчу, прымеркаваную да 800-годдзя гэтага твору.
 

07 студзеня 2025, 12:05