Сірыйцы сустракаюць Новы 2025 год Сірыйцы сустракаюць Новы 2025 год  (AFP or licensors)

Апостальскі нунцый: адзіны шлях да міру ў Сірыі – развіццё

Кардынал Марыё Дзэнары даў інтэрв’ю Vatican News, у якім распавёў пра невялікі прамень надзеі для змучанай вайной Сірыі. У апошні дзень 2024 года ў Дамаску адбылася сустрэча новага лідара аль-Джулані з хрысціянскім духавенствам краіны.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Па словах Апостальскага нунцыя яшчэ тры тыдні таму такую сустрэчу немагчыма было нават уявіць. Удзельнікі мерапрыемства, сярод якіх былі біскупы і святары з розных рэгіёнаў краіны, вярнуліся з сустрэчы з пачуццём асцярожнага аптымізму. Абу Мухамад аль-Джулані паабяцаў будаваць інклюзіўную Сірыю для ўсіх і пажадаў шчаслівага Божага Нараджэння і мірнага года.

Апостальскі нунцый падкрэсліў, што цяперашні момант патрабуе актыўнага ўдзелу хрысціян у адраджэнні краіны. Ён заклікаў сірыйцаў не пакідаць радзіму, а далучыцца да яе рэканструкцыі, прапаноўваючы такія каштоўнасці, як права чалавека, свабода і павага да кожнага. Ён заклікаў сірыйцаў па-за межамі краіны, асабліва юрыстаў, медыкаў, інжынераў, вяртацца, каб унесці ўклад у распрацоўку новай канстытуцыі і аднаўленне Сірыі. “Прыйшоў час закасаць рукавы”, - сказаў іерарх.

Дыпламат распавёў, што яшчэ нядаўна ў сэрцах многіх людзей у Сірыі не было бачання будучыні. Раптам, зусім нечаканым чынам, адрадзілася пахаваная надзея. Не вялікая Брама надзеі, як у Базіліцы святога Пятра, але шчыліна, пралом. “Гэта ўжо нешта”, - адзначыў кардынал Дзэнары.

Святкаванне Божага Нараджэння ў Сірыі, нягледзячы на атмасферу надзеі, суправаджалася ўспамінамі пра ахвяры вайны. Іерарх распавёў, што адчувае вялікі смутак. “Мы адзначалі Божае Нараджэнне і на брацкіх магілах”, - падзяліўся ён, дадаючы, што міжнародная супольнасць павінна была паспрабаваць зрабіць больш, каб пазбегнуць гэтага болю. Кардынал Дзэнары папярэдзіў аб небяспецы “патрапіць у спіраль помсты” і заклікаў да справядлівасці і дыялогу.

Нунцый упэўнены, што мір у Сірыі можа стаць рэальнасцю толькі шляхам развіцця. Эканоміка разбураная, інфраструктура пашкоджаная, разбураныя школы, палова бальніц, людзі галадаюць, няма электрычнасці. “Калі мы хочам міру ў Сірыі, мы павінны забяспечыць развіццё”, каб дапамагчы краіне ўстаць на ногі і самастойна пайсці наперад, - лічыць нунцый.

02 студзеня 2025, 12:25