COMECE: Папа прасіў мець у прыярытэце праблемы Украіны
Ян Глінскі
Генеральны сакратар Камісіі біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці ксёндз Мануэль Барыёс Прыета, падсумоўваючы сустрэчу з Папам, падкрэсліў, што Еўропа дала прыклад, як можна прымаць бежанцаў, якія ўцякаюць з-за вайны.
“Папа прасіў COMECE зрабіць пытанне вайны ва Украіне сваім прыярытэтам. Гаворка не толькі пра тэму канфлікту, пра тое, які ён сур’ёзны, і пра заклікі скласці зброю, якія мы скіроўваем і будзем іх працягваць. Вайна прыносіць мноства іншых праблем, якія датычаць усіх нас, такіх як энергетычны крызіс, рост коштаў і крызіс бежанцаў. Папа казаў пра ідэю Еўропы, аб’яднанай у разнастайнасці, звяртаў увагу, што трэба шанаваць культуры розных краін”, – адзначыў ксёндз Барыёс.
У той жа час генеральны сакратар COMECE заўважыў, што зусім па-іншаму выглядае сітуацыя з бежанцамі, якія прыбываюць з зонаў ваенных дзеянняў з-за межаў Еўропы і спрабуюць трапіць у Еўрапейскі саюз. “Для іх існуе пакт аб міграцыі і прытулку, які быў прапанаваны Еўрапейскай камісіяй, і мы працуем над ім ад імя COMECE, таму што лічым важным, каб гэтая прапанова была прынята”, - падкрэсліў генеральны сакратар, дадаўшы, што адносна пытання міграцыі Еўрасаюз усё яшчэ не выпрацаваў эфектыўнай палітыкі.