Пошук

Cookie Policy
The portal Vatican News uses technical or similar cookies to make navigation easier and guarantee the use of the services. Furthermore, technical and analysis cookies from third parties may be used. If you want to know more click here. By closing this banner you consent to the use of cookies.
I AGREE
Айцец Леў Гарошка падчас здзяйснення душпастырскіх абавязкаў Айцец Леў Гарошка падчас здзяйснення душпастырскіх абавязкаў 

45 гадоў з дня смерці Льва Гарошкі: успаміны архімандрыта Сяргея Гаека

45 гадоў таму, 28 ліпеня 1977 года, у Парыжы адышоў у вечнасць архімандрыт Леў Гарошка – рэлігійны і грамадскі дзеяч, публіцыст, пісьменнік, былы кіраўнік Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У дзень асаблівага ўспаміну пра айца Льва Гарошку на папскую радыёстанцыю завітаў архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі. Ён памаліўся аб вечным супакоі для святара ў капліцы Ватыканскага радыё – месцы, дзе і сам айцец Леў давяраў Богу свае радасці, праблемы і спадзяванні.

Дзелячыся ўспамінамі, архімандрыт Сяргей распавёў, што прыехаў у Рым у 1978 годзе – праз год пасля смерці айца Гарошкі. У генеральным доме айцоў-марыянаў ён пасяліўся ў тым жа пакоі, дзе жыў і працаваў знакаміты беларускі святар. Тут жа была магчымасць пазнаёміцца з яго літаратурнай спадчынай, значную частку якой складалі катэхетычныя і тэалагічныя матэрыялы, падрыхтаваныя для эфіраў Ватыканскага радыё.

“На жаль, я асабіста не сустракаўся з айцом Гарошкам. Пазней я меў магчымасць паехаць у Лондан, размаўляў там з епіскапам Чэславам Сіповічам, айцом Язэпам Германовічам. Пра Гарошку ў іх было такое меркаванне: шмат пісаў і шмат маўчаў, хоць вельмі часта даволі крытычна адносіўся да некаторых спраў, з якімі сустракаўся”, - падзяліўся архімандрыт Сяргей.

Пра айца Льва Гарошку часта казалі як пра “тытана працы”, прычым не толькі ў беларускай місіі ў Лондане, але таксама ў Парыжы, бо значны перыяд жыцця айцец Леў служыў у французскай сталіцы. Пасля Другой сусветнай вайны тут было шмат беларусаў: адны прыходзілі ў касцёл Сэн-Сюльпіс, дзе ён служыў літургію, іншыя звярталіся да яго за дапамогай ці парадай. Многія з іх сведчылі, што айцец Гарошка быў адкрытым чалавекам, а ў той жа час не вельмі эмацыйным, - узгадаў архімандрыт Гаек.

Айцец Сяргей лічыць, што як тэолаг і катэхізатар айцец Леў Гарошка змог рэалізаваць сябе на Ватыканскім радыё. На падставе матэрыялаў, якія захоўваюцца ў архіве папскай радыёстанцыі, беларуская даследчыца Алена Андросік, напісала доктарскую дысертацыю, у якой паказала, што айцец Леў быў выбітным тэолагам, глыбока перакананым у тым, што вера ў Бога – гэта аснова маральнага жыцця. Дактарат быў абаронены ў Люблінскім каталіцкім універсітэце на польскай мове, але цяпер ёсць ідэя перакласці яго на беларускую.

На думку архімандрыта Сяргея, Леў Гарошка быў уважлівым да актуальных выклікаў свайго часу: калі ў Савецкім Саюзе вера лічылася цемрашальствам, на падставе сваіх разважанняў на Ватыканскім радыё, ён выдаў кнігу “Навука і рэлігія”, у якой сабраў сведчанні пра Бога шматлікіх вялікіх навукоўцаў. Яна перавыдавалася некалькі разоў, што сведчыць пра запатрабаванасць такой літаратуры. І менавіта, каб падкрэсліць важнасць літаратурнай дзейнасці айца Льва Гарошкі, яго імем была названа бібліятэка пры грэка-каталіцкім Цэнтры праведнага Язэпа ў Мінску, - нагадаў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі.
 

28 ліпеня 2022, 14:00
Prev
March 2025
SuMoTuWeThFrSa
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031     
Next
April 2025
SuMoTuWeThFrSa
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930